Праект па ўстаноўцы камер відэаназірання на старых каталіцкіх могілках быў падрыхтаваны яшчэ ў мінулым годзе. Яго рэалізацыяй займаецца польскі бок. Нядаўняе знікненне крыжа з магілы брата Элізы Ажэшкі Яна Вiдацкага павінна паскорыць гэты працэс.

Апошні раз крыж бачылі на магіле Відацкага у жніўні гэтага года. У канцы верасня пасля чарговай экскурсіі яго ўжо не знайшоў гісторык Андрэй Вашкевіч. За 20 дзён пошукаў, да якіх далучылася і міліцыя, крыж знайсці не ўдалося.

Гэта не адзіная страта старых могілак за апошнія гады. З пахаванняў часта знікаюць агароджы і металічныя канструкцыі.

Праект на разглядзе ў консульстве

Ксёндз Яўген, які працуе ў капліцы на старых Фарных могілках, плануе паскорыць устаноўку відэакамер, каб пазбегнуць чарговых знiкненняў.

«Пытанне відэаназірання стаiць даўно, але праект быў падрыхтаваны толькі ў мінулым годзе. Наколькі я ведаю, ён знаходзіцца на разглядзе ў польскім консульстве, — кажа ксёндз. — У праекце я прапанаваў устаноўку чатырох камер на вежы капліцы, а таксама па адной па перыметры могілак».

Ксёндз спадзяецца, што ўстаноўка камер пачнецца неўзабаве. Магчыма, камеры будуць падключаныя да інтэрнэту і змогуць даваць карцінку анлайн.

На суседніх праваслаўных могілках ёсць некалькі камер, якія былі ўсталяваныя ў 2013 годзе прыватнай арганізацыяй. За апошнія гады пра знікненні крыжоў і агароджаў на гэтых могілках не паведамлялася.

Даведка

Старыя гродзенскія могілкі знаходзяцца практычна ў самым цэнтры горада на вуліцы Антонава. На высокіх пагорках, амаль на трох гектарах зямлі, знаходзяцца праваслаўныя і каталіцкія пахаванні. Першыя пахаванні, якія змаглі ідэнтыфікаваць гісторыкі, адносяцца да канца XVIII стагоддзя. Афіцыйна гарадскія могілкі былі заснаваныя ў 1792 годзе.