Прадстаўляць журналіста Руслана Кулевіча не трэба. Яго візітоўка ёсць і ў бамжа, і ў мэра, і ў міліцыянта. Пра свае артыкулы ён звычайна кажа: «Ехаў я на ровары, і бачу…» Што прывяло былога разведчыка-спецназаўца ў журналістыку і як ствараюцца эксклюзіўныя рэпартажы ён распавёў слухачам «Мовы нанова Гародня» 16 кастрычніка.

Хацеў стаць гісторыкам, вучыўся на будаўніка, стаў журналістам

Цікавасць да гісторыі горада і яго жыхароў была ў Руслана ад малога:

«Я заўсёды цікавіўся расповедамі сталых людзей, распытваў іх пра вайну, пра дзяцінства. Падлеткам любіў лазіць па падвалах і дахах у пошуках даўніх цікавостак, быў нават экскурсаводам у школьным музеі і планаваў стаць гісторыкам». Але склалася ў жыцці інакш. Пасля школы Руслан пайшоў вучыцца на будаўніка і адначасова — у школу маладога журналіста. «Пачаўшы пісаць, зразумеў, што журналістыка — гэта маё».

Спецназавец у журналістыцы. Руслан Кулевіч пра рэпартажы, кіламетры і таямніцы эксклюзіўных інтэрв’ю

Спецназ не падвядзе

Калі прыйшоў час служыць у войску, Руслан папрасіў скіраваць яго туды, дзе лёгка не будзе і патрапіў у разведку спецназа. «Там я засвоіў некалькі простых рэчаў, якія журналісту патрэбны не менш, чым разведчыку. Трэба быць заўсёды першым і няма слова «не магу», ёсць толькі «трэба».

Увесь час у руху

«Падлічыў, што за мінулы год праехаў на ровары каля 11 тысяч кіламетраў. У выніку — напісаў больш за 1000 матэрыялаў. Выпраўляючыся раніцай у паездку па горадзе дакладна ведаю, што абязязкова знайду навіну. Альбо яна сама мяне знойдзе».

Спецназавец у журналістыцы. Руслан Кулевіч пра рэпартажы, кіламетры і таямніцы эксклюзіўных інтэрв’ю

«Ты толькі праўду напішы»

Таямніц стварэння цікавых рэпартажаў Руслан не хавае. Найперш трэба быць адкрытым да людзей і цікавіца іх жыццём. З тымі, хто раней былі героямі рэпартажаў, Руслан і пасля публікацыі не губляе кантакт. Людзі пішуць ці звоняць, каб расказаць пра здарэнні ці пра тое, што іх хвалюе. «Ты толькі праўду напішы», — кажуць многія з іх. «Яны вераць, што публікацыя ў СМІ можа змяніць сітуацыю, і я стараюся апраўдаць давер».

Тэмы — побач

Натхнёныя расповедам Руслана пра рэпартаж, слухачы «Мовы нанова» і самі стварылі калектыўныя журналістцкія матэрыялы. Тэмамі сталі падарожжы бязвізавых турыстаў па Гродзеншчыне, прыгоды «аленя-ліхтара» на прывакзальнай плошчы і нават курсы беларускай мовы ў Маскве.

Спецназавец у журналістыцы. Руслан Кулевіч пра рэпартажы, кіламетры і таямніцы эксклюзіўных інтэрв’ю

Ахвотных паспрабаваць сябе ў ролі рэпарцёра запрасілі да супрацы з рэдакыяй Hrodna.life. Калі ёсць жаданне пісаць — вы толькі скажыце. Дапаможам, навучым, апублікуем.