Больш за 500 старых і рэдкіх кніг прадстаўлена ў аддзеле мастацтваў Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Карскага на выставе «З глыбінь вякоў нам засталася кніга…», якая прысвечана 500-годдзю беларускага кнігадрукавання.
На выставе прадстаўлены рарытэтныя кнігі і перыядычныя выданні XVIII — першай паловы XX стагоддзяў з фондаў абласной бібліятэкі, Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь і прыватнай калекцыі гродзенскага краязнаўцы і калекцыянера Аляксандра Сявенкі.
Бачнае месца ў экспазіцыі займаюць старадрукі XVIII стагоддзя. Сярод іх — як выданні рэлігійнага зместу, так і свецкая літаратура, у тым ліку кнігі для юнацтва.Самая старая кніга ў экспазіцыі датуецца 1706 годам. Асобныя выданні былі надрукаваныя ў 1740-я і 1750-я гады, але большасць старадрукаваных кніг былі выдадзены ў 1780−1790-я гады ў Вільні, Варшаве, Кракаве, Калішы, Сандаміры, Кульме ў Прусіі, у іншых польскіх і нямецкіх гарадах.
На выставе таксама шмат кніг ХIХ i пачатку XX стагоддзя, якія ў свой час былі ў кніжных зборах гродзенцаў.
Выстава будзе доўжыцца да канца лістапада, уваход вольны.