Дадаць навіну
Чацвер, 23 лістапада 2017, 09:57

“Кожны эскіз – кавалак жыцця”. У Гродне адкрылі выставу да юбілею драмтэатра

Больш за 100 квадратных метраў другога паверху Драмтэатра цяпер выкарыстоўваюцца як пляцоўка для выставаў. Першая выстава прымеркавана для 70-годдзя драмтэатра і прысвечана мастацтву сцэнаграфіі. А з наступнага года гэтую прастору змогуць выкарыстоўваць гродзенскія мастакі. 

– Мы стварылі больш за 100 квадратных метраў выставачнай плошчы ў тэатры. Праект нашага будынку спецыфічны, і мы вырашылі, што менавіта паркет (так тэатралы называюць хол другога паверху драмтэатра – аўт.) можа быць месцам для выставы, дзе мы будзем размаўляць у асноўным пра тэатр, а ў перспектыве – і пра падзеі, якія адбываюцца ў горадзе, і пра нашых мастакоў, – кажа Ігар Гедзіч, дырэктар драмтэатра.

Дырэктар Драмтэатра Ігар Гедзіч

Адкрыццё першай выставы, прымеркаванай да юбілею Драмтэатра, адбылося 11 кастрычніка. Яе стварылі галоўны мастак Таццяна Сакалоўская і мастак-пастаноўшчык Надзея Касперчык. Выстава прысвечана мастацтву сцэнаграфіі. Таццяна Сакалоўская кажа, што сцэнаграфічныя выставы нават па рэспубліканскіх мерках дастаткова рэдкая з’ява – праводзяцца толькі ў Мінску раз у тры гады.

–  Для нас гэта дастаткова рэдкі шанец расказаць гледачам пра сваю прафесію. Мастацтва сцэнаграфіі прасунулася на такі ўзровень, што неразрыўна звязана з рэжысурай і выразнай мяжы паміж гэтымі прафесіямі няма. Ёсць і другі момант: для нас гэта настальгія. Кожны эскіз – гэта прыемны ўспамін пра нейкі кавалак жыцця, – кажа галоўны мастак.

галоўны мастак Таццяна Сакалоўская і мастак-пастаноўшчык Надзея Касперчык

Наведвальнікі выставы таксама змогуць панастальгіраваць, убачыўшы эскізы спектакляў, на якія яны хадзілі ў дзяцінстве. Таццяна Сакалоўская кажа, што ў эскізах можна пазнаць нават актораў, якія ўжо сышлі з жыцця. Бо мастак-пастаноўшчык, ведаючы размеркаванне роляў, міжволі малюе па адчуванням гэтага чалавека.

– Выстава фармавалася як жывы арганізм і сама дыктавала, што ў ёй павінна быць. Часам хацелася ўспомніць пэўныя спектаклі, але рука не аднаўляла ўспаміны. Тое, што ўспомнілася, намалявалася і аднавілася, дайшло да вас, – кажа Таццяна.

20 кастрычніка пройдзе тэатральны капуснік да 70-годдзя тэатру. Гледачы ўбачаць фрагменты спектакляў і выступы гасцей. Для тых, хто не зможа трапіць на вечар, запусцяць анлайн-трансляцыю.


Сцэнаграфія (тэатральна-дэкарацыйнае мастацтва) — від мастацкай творчасці, які займаецца афармленнем спектакля і стварэннем яго выяўленча-пластычнага вобразу, існуючага ў сцэнічным часе і прасторы.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

comments powered by HyperComments

Раім пачытаць

Каментары

0

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: