Як стала вядома праваабаронцам, расійскі гісторык і філосаф Пётр Рабаў, лекцыя якого была сарваная міліцыяй у Гродне, быў затрыманы ўвечары 10 кастрычніка. Ён збіраўся вярнуцца ў Расію, аднак верагодна не паспеў з’ехаць — быў затрыманы ў Баранавічах, піша ПЦ «Вясна».

Ноч Пётр Рабаў правёў у ІЧУ Баранавічскага ГАУС, а сёння быў дастаўлены ў суд Баранавічскага раёна і г. Баранавічы. У тым ліку быў затрыманы яшчэ і адзін з актывістаў. Абоіх вінавацяць у здзяйснення правапарушэння па арт. 17.1 КаАП — «Хуліганства».

[irp posts="36 662″ name="АМАП сарваў сустрэчу з гісторыкам і філосафам Пятром Рабавым у Гродне (абноўлена)"]

Таксама ёсць інфармацыя, што каля будынку суда быў затрыманы праваабаронца «Вясны» Аляксандр Вайцешык, які прыйшоў назіраць за судом над Рабавым. Яго даставілі ў ГАУС, дзе на яго склалі два пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях — па арт. 24.1 «Непавага да суду» і 23.4 «Непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы пры выкананні службовых абавязкаў». Яго будуць судзіць 12 кастрычніка.

Тым часам суд прыняў рашэнне прызнаць Пятра Рабава вінаватым у здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння па артыкулах 17.1 і 17.11 КаАП (дробнае хуліганства і распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці ці прапагандуе такую ​​дзейнасць) і адправіў яго на шэсць сутак арышту. Рабаў абвясціў сухую галадоўку.

Разгляд справы супраць актывіста, які быў затрыманы разам з ім, перанеслі на пятніцу.

Нагадаем, 9 кастрычніка ў Гродна на сустрэчу з расійскім гісторыкам, філосафам і даследчыкам анархізму Пятром Рабавым брутальна ўварваліся супрацоўнікі міліцыі. Было затрымана каля 20 чалавек, у тым ліку і лектар. Бліжэй да 21 гадзіны людзей адпусцілі, аднак у памяшканні цэнтру быў праведзены ператрус і канфіскаваныя кнігі Пятра Рабава. Падставай для затрымання стала нібыта «несанкцыянаванае масавае мерапрыемства».

[irp posts="36 711″ name=" Спужала страшнае слова «анархія». Затрыманых на лекцыі пратрымалі ў РАУСе пяць гадзін і адпусцілі"]