Больш за 100 квадратных метраў другога паверху Драмтэатра цяпер выкарыстоўваюцца як пляцоўка для выставаў. Першая выстава прымеркавана для 70-годдзя драмтэатра і прысвечана мастацтву сцэнаграфіі. А з наступнага года гэтую прастору змогуць выкарыстоўваць гродзенскія мастакі.
— Мы стварылі больш за 100 квадратных метраў выставачнай плошчы ў тэатры. Праект нашага будынку спецыфічны, і мы вырашылі, што менавіта паркет (так тэатралы называюць хол другога паверху драмтэатра — аўт.) можа быць месцам для выставы, дзе мы будзем размаўляць у асноўным пра тэатр, а ў перспектыве — і пра падзеі, якія адбываюцца ў горадзе, і пра нашых мастакоў, — кажа Ігар Гедзіч, дырэктар драмтэатра.
— Для нас гэта дастаткова рэдкі шанец расказаць гледачам пра сваю прафесію. Мастацтва сцэнаграфіі прасунулася на такі ўзровень, што неразрыўна звязана з рэжысурай і выразнай мяжы паміж гэтымі прафесіямі няма. Ёсць і другі момант: для нас гэта настальгія. Кожны эскіз — гэта прыемны ўспамін пра нейкі кавалак жыцця, — кажа галоўны мастак.
— Выстава фармавалася як жывы арганізм і сама дыктавала, што ў ёй павінна быць. Часам хацелася ўспомніць пэўныя спектаклі, але рука не аднаўляла ўспаміны. Тое, што ўспомнілася, намалявалася і аднавілася, дайшло да вас, — кажа Таццяна.
Сцэнаграфія (тэатральна-дэкарацыйнае мастацтва) — від мастацкай творчасці, які займаецца афармленнем спектакля і стварэннем яго выяўленча-пластычнага вобразу, існуючага ў сцэнічным часе і прасторы.