Усяго тры месяцы ў Гродне праіснавала адзіная ў Беларусі BDSM студыя. За час працы ўнікальны пакой наведала шмат чалавек — пераважна гасцей з іншых гарадоў. Чаму ўладальнікі вырашылі зачыніць студыю і якія ў іх далейшыя планы, даведваўся Hrodna.life.

BDSM студыя адкрылася ў Гродне ў пачатку чэрвеня 2017 і яе адкрыццё стала навіной не толькі для горада, але і для Беларусі. Студыяй зацікавіліся спрактыкаваныя аматары BDSM і пачаткоўцы, а таксама праваахоўныя органы ды мясцовая улада. Пачаліся праверкі незвычайнага пакоя.

Суседзі збіралі подпісы супраць

«Прыходзіла міліцыя і прадстаўнікі гарвыканкама, ім здавалася, што ў студыі быў прытон, але такога яны ў нас не ўбачылі, нават ніякага намёку на гэта, — распавядае адзін з уладальнікаў пакоя Уладзімір. — Жыхары дома, дзе была студыя, збіралі подпісы каб нас закрыць. Да іх дайшла інфармацыя, нібыта студыя гэта прытон з прастытуткамі. Некаторых жыхароў мы спецыяльна запрашалі паглядзець наш пакой: пасля таго, што яны бачылі, ніхто нічога не меў супраць нас і нават не падпісваўся».

Кліенты — пераважна мінчукі

Асноўная прычына закрыцця BDSM студыі - малая цікавасць гродзенцаў. Кліенты пераважна прыязджалі з Мінска. Менавіта таму яшчэ да Новага года студыя пераедзе ў сталіцу.

«У Гродне мы працавалі да сярэдзіны верасня і вырашылі дзейнасць часова прыпыніць. Іншагародніх кліентаў было значна больш, чым мясцовых. Можа, гэта звязана з перыядам адпачынкаў? Было шмат званкоў і кліентаў са сталіцы. Паспрабуем адкрыць студыю там. Ужо нават тэлефануюць людзі і браніруюць месцы, нягледзячы на ​​тое, што яны нават не ведаюць, дзе будзе адкрыта студыя», — дадаў Уладзімір.