Новы выпуск праграмы «Нулявы кіламетр» прысвечаны дзіўнай жанчыне — Станіславе Мілюце. Вось ужо больш за паўстагоддзя яна жыве адна, у лясной глушы, на самай мяжы Беларусі і Літвы. Чаму Станіслава Іванаўна лічыць гарадскія дамы галубятнямi, хто з дзікіх жывёл выкопвае ёй бульбу, чаго больш за ўсё не хапае на хутары і за што яна не любіць рускіх пісьменнікаў - аб усім гэтым можна даведацца з відэа.

«Мы запісалі гадзіннае інтэрв'ю, але праграма выйшла 17-хвіліннай. Вельмі многія рэчы, пра якія казала гераіня, занадта асабістыя, каб ставіць іх у эфір. У пачатку і ў канцы выпуску гледачы чуюць два вершы: на рускай і на польскай мове. На самай справе Станіслава Іванаўна дэкламавала чатыры свае вершы. Кожны з іх быў прысвечаны роднаму хутару ці прыродзе», — распавяла аўтарка праграмы Наталля Шматко.