Збор подпісаў пад інтэрнэт-петыцыяй пачаўся 4 кастрычніка. Петыцыю пазней дашлюць старшыні гарвыканкамама Мечыславу Гою. Мэта аматараў актыўнага адпачынку — стварыць у Гродне скейт-парк, які дазволіць сабраць у адным месцы скейтараў і аматараў bmx.

Некалькі год таму ў гродзенскай моладзі была свая пляцоўка ў цэнтры горада. Яна знаходзілася пад Старым мостам. Але за чатыры месяцы існавання пляцоўка ператварылася ў сметнік. Яе ніхто не даглядаў, таму яе дэмантавалі ў лістападзе 2015 года.

Моладзь вярнулася на ранейшае месца — ля драмтэатра. Але не ўсім падабалася такое суседства: гранітныя муркі невядомыя папэцкалі салідолам, праўда, потым іх ачысцілі.

У сярэдзіне 2016 года моладзі прапанавалі перабрацца да гандлёвага цэнтру OldCity, дзе для іх стварылі спецыяльную стрыт-зону. Але хлопцы там не прыжыліся. Яны спасылаліся на тое, што там зрабілі рампы, якія не прызначаныя для трукаў на скейтах і bmx.

Аматары актыўнага адпачынку збіраюць подпісы за будаўніцтва ў Гродне скейт-парку
Так выглядаў скейт-парк пад мастом
«З кожным годам нас становіцца больш, а месца дзе катацца ўсё менш. Многія нашы хлопцы памятаюць стары парк пад мостам і вельмі хацелі б вярнуць яго. Для гэтага мы зараз нават распрацоўваем праект, — распавядае адзін з ініцыятараў петыцыі Уладзіслаў Янец. — Культура язды на скейтах і bmx пашыраецца. Многія прыходзяць да нас, ім неабходная дапамога і месца для трэніровак».

Гэтым разам моладзь хоча стварыць сапраўдны парк — добры і трывалы, а не проста фігуры. Месца, якое аматары катання будуць шанаваць і лічыць сваім.

«Калі нам дапамогуць у гэтым, мы будзем вельмі ўдзячныя. Бо дапамогуць не толькі нам, але і тым хто прыйдзе пасля нас».

У петыцыі моладзь адзначае, што з’яўленне скейт-парка будзе карысным для горада. Зараз некалькі дзясяткаў хлопцаў вымушаныя катацца ля драмтэатра і на плошчы Леніна.

Аматары актыўнага адпачынку збіраюць подпісы за будаўніцтва ў Гродне скейт-парку
У Беларусі скейт-паркі або паркі экстрэмальных відаў спорту існуюць у Мінску, Гомелі і ў некаторых раённых цэнтрах.