Пасля сенсацыйнай паразы ў Брэсце ў рамках чэмпіянату Беларусі гродзенскі “Нёман” рэабілітаваўся і ў Мінску 28 верасня абыграў зборную «U20» з лікам 4:0.

У складзе чырвона-чорных дубль аформіў Арцём Кіслы, таксама вызначыліся Міхаіл Стэфановіч і Арцём Ляўша.

U20 – “Нёман” 0:4 (0:1, 0:2, 0:1)

Галы:
16.51 0:1 – Стэфановіч (Ляўша, Еронаў)
35.56 0:2 – Ляўша (Кіслы, Рэмезаў)
39.09 0:3 – Кіслы (Ляўша, Рэмезаў)
51.43 0:4 – Кіслы (Марчанка, Ляўша)

Галоўны трэнер “Нёмана” Сяргей Пушкоў на пасляматчавай прэс-канферэнцыі адзначыў, што трэці перыяд у гульні з “U20” спадабаўся яму больш за ўсё.

“Гульня атрымалася для нас трохі цяжкай. Былі неапраўданыя выдаленні, у выніку часта гулялі ў меншасці. На працягу двух перыядаў гульня складвалася не так добра, як хацелася б. Але ў трэцяй дваццаціхвілінцы мы зайгралі ў свой хуткі, актыўны хакей, рэалізавалі вялікую колькасць момантаў. Каманда «U20» – гэта маладыя хлопцы, якія імкнуцца, б’юцца ва ўсіх момантах, паказваюць усё, на што яны здольныя. Лічу, што сёння яны выглядалі нядрэнна”.

Пасля перамогі ў Мінску гродзенская каманда працягвае займаць трэці радок у турнірнай табліцы і мае ў сваім актыве 17 ачкоў. У “Шахцёра” і “Юнацтва” па 20.

Наступны матч у чэмпіянаце “Нёман” правядзе 7 кастрычніка супраць “Шахцёра” – будзе прымаць салігорскую каманду ў Гродне.

3-га кастрычніка “Нёман” адправіцца ў Фінляндыю, дзе правядзе чарговы матч Лігі Чэмпіёнаў супраць каманды “Ювяскюля”.