Павел сядзіць у браме на драўлянай скрынцы і лупіць па ёй рукамі. Такі інструмент называецца кахон. Яго хлопец сабраў сам. Каб абараніць рукі ён вымушаны граць у пальчатках. Пра сваё захапленне Павел расказаў Hrodna.life.

Кахон (ісп. Cajón — скрынка, скрыня) — ударны музычны інструмент родам з Перу ў выглядзе скрынкі з дрэва або іншых матэрыялаў. Разнастайнасць тэмбраў дасягаецца дзякуючы выкарыстанню струн, якія нацягваюцца ўнутры інструмента.

«Я граю на кахоне, які зрабіў сам. Першы мой інструмент быў з ДВП, але ён паламаўся, — распавядае Павел. — У чарговы кахон я пастараўся ўкласці больш сродкаў і высілкаў. Усярэдзіне чатыры струны. Мне іх параіў паставіць бубнач з царквы „Жывое слова“. Струны ў кахоне для лепшага гучання».

На сваім музычным інструменце хлопец грае як у царкве, так і на вуліцах горада. Іншым разам з сябрамі Павел едзе ў Мінск, каб пайграць у сталіцы. Выхад на вуліцу гэта не заўсёды спосаб зарабіць — часам Павел выходзіць проста пайграць для сябе і людзей.

«Гродзенцы яшчэ не прывыклі да такога інструмента. Кахон, вядома, у мяне не прафесійны, але я пастараўся яго зрабіць такім, пра які марыў. Камусьці мой інструмент падабаецца, ён спыняецца і слухае, а хтосьцi са здзіўленнем праходзіць, не разумеючы на чым я граю».

Апошнім часам Павел грае ў пальчатках, бо ад удараў па кахону ў яго сціраюцца пальцы да крыві.

На Савецкай новы вулічны музыка - ён грае на кахоне, які зрабіў сам
Падчас ігры на кахоне ў Паўла сціраюцца пальцы да крыві і яму даводзіцца апранаць пальчаткі

Даведка

Кахон з’явіўся ў Перу ў пачатку XIX стагоддзя. Па адной з версій, рабы выкарыстоўвалі скрыні з-пад садавіны для музіцыравання, бо афрыканскія барабаны былі забароненыя іспанскімі каланіяльнымі ўладамі. Да канца XIX стагоддзя музыкi працягвалі эксперыменты з матэрыяламі і прыладай кахона для дасягнення лепшага гуку. З таго часу ён пачаў распаўсюджвацца па ўсёй тэрыторыі Лацінскай Амерыкі і да ХХ стагоддзя стаў неад’емнай часткай перуанскай і кубінскай музычнай культуры.