Пісьменнік Алесь Аркуш 23 верасня прадставіць гродзенцам раман “Сядзіба”. Сустрэча пройдзе ў Цэнтры гарадскога жыцця. Напярэдадні прэзентацыі аўтар распавёў Hrodna.Life пра адметнасці новага твора, “гродзенскі след” у рамане аб Полацку, а таксама падзяліўся цытатамі для знаёмства з “Сядзібай” і яе героямі.
Гэты раман быў напісаны ў 2016 годзе і стаў чацвёртым у анталогіі аўтара. Са словаў Алеся, твор распавядае “пра містыку, каторая заўжды побач”.

Апісаныя падзеі адбываюцца на рэальна існуючай полацкай сядзібе ў Запалоцці, на месцы якой раней стаяў Бернардынскі кляштар. Паводле некаторых гісторыкаў, менавіта ў гэтым кляштары вывучаў лацінскую мову Францішак Скарына.
Пазнавальнасцю апісаных месцаў раман напэўна зацікавіць палачан. Але і “гродзенскі след” кніга таксама мае. На яе вокладцы змешчаны працы гродзенскага графіка Юрыя Якавенкі, а першую рэцэнзію на раман напісаў гродзенскі пісьменнік Сяргей Астравец. Ды і стваралася кніга зусім блізка ад Гродна – у Беластоку.

Сёлета на пачатку лютага кніга была прадстаўлена чытачам. У электронным фармаце раман з’явіўся на платформе Kniharnia.by і адразу ўвайшоў у пяцёрку самых прадаваных кніг. У папяровым выглядзе твор з’явіўся напачатку вясны. Набыць цвёрды асобнік “Сядзібы” можна толькі ў полацкай кнігарні “Светач”, або на прэзентацыі, у аўтара.

Урыўкі з рамана:
***
Дзед прасачыўся праз мэталічны плот як туман. Ён прайшоўся пад вокнамі хаты і скіраўвася ў найбольш аддалены кут прысядзібнага пляцу.
Сьледам за ім ляцела сава.
Ніхто гэтага ня мог бачыць.
І толькі сабака, які спаў перад будкай, адкрыў вочы, узняў галаву і прыслухаўся. Недзе пад антонаўкай, у густой траве, зашамацела мыш. Вецер ледзь прыкметна варушыў лістоту на галінах. Першыя промні сонца толькі-толькі крануліся даху дома. З боку ракі цягнула вільгацьцю. Нават адсюль, ад будкі сабакі, праз дрэвы і праз высокія кветкі, было бачна, што раку ўкрывала шчыльная коўдра туману.
Менавіта ў такі туман узьдоўж берагоў Полацка праплываюць вараскія дракары. Незаўважна. І толькі ўсплёскі рыбы парушаюць цішу. Як ўсплёскі вёслаў. І туман, які зьмяняе рэальнасьць, рассоўвае яе каардынатныя восі, пашырае прастору дзейснага, блытае час і вяртае мінулае.
Дзед робіць нейкія магічныя кругі па пляцы. Постаць яго празрыстая, як з туману. І толькі на грудзях штосьці зырка адбівае промні сонца. І чым вышэй сонца, тым больш празрыстым робіцца постаць дзеда, але затое ўсё зырчэй зіхаціць у яго штосьці на грудзёх.
Сава сядае на тэлевізійную антэну і аглядае навакольле.
Сабака здымае нашыйнік, а рабіць гэта ён налаўчыўся даўно, абыходзіць хату і спыняецца каля альтанкі. І адсюль заўважае дзеда. Іх позіркі сустракаюцца. Сабака робіць ледзь прыкметныя рухі хавастом. Нібыта вітаецца з госьцем. Цішыня гучным зумэрам азываецца ў вушах. Здаецца, можна пачуць, як цячэ рачная плынь. Дзед адварочваецца і ўглядаецца ў туман. Нібыта сабака яго больш не цікавіць. Затым, не спыняючы ўзірацца, падае рукой знак чатырохногаму гаспадару – паманіў яго. Той паслухмяна сьцярожка робіць крокі насустрач. Падыходзіць да дзеда і становіцца побач зь ім праваруч. Дзед кладзе яму руку на голаў. Сабака заплюшчае вочы і стаіць незварушна.
Так яны стаць абодва, застыла і ціха, хвілін дзесяць.
***
З дапамогаю паромнай пераправы Іван апынуўся ў Запалоцьці. Махіроўскай вуліцай ён пакрочыў у цэнтар пасаду, дзе, сярод драўляных дамкоў, стаяў цагляны будынак сірочага дому. Празь пяць хвілін ён ужо бачыў вакно пакоя, у якім некалі жыў сам.
Зьвяртаць на сябе ўвагу мясцовых жыхароў было не ў ягоных інтарэсах. Таму Іван папросту прыцішыў хаду і пачаў пільна аглядаць двор прытулку. Там, дзе на мапе быў намаляваны крыжык і літара “К”, ляжаў вялізны валун, напалову схаваны ў зямлю.
Літара “К” магла азначаць і “камень”. Але навошта было бацьку пазначаць валун? Іх у Запалоцьці шмат. Тады чаму на мапе пазначаны толькі гэты? “Ці не закапаў ён пад ім кубак?” Гэтая думка пачала зумкаць ў галаве як заляцелы ў пакой авадзень, шукаючы выйсьця на волю.
***
– Ты ніколі ня думаў, што ў большасьці нашых птушак два дамы – летні і зімовы, – сказаў Кастан Навадворскі, седзячы на маёй альтанцы і пацягваючы піва. – Вось гэты шпак, акрамя тваёй шпакоўні, зімой недзе яшчэ жыве. І ў гэтым далёкім краі ён жыве палову свайго жыцьця. Але радзіма ў яго адна – вось гэтая шпакоўня. Уяўляеш!
-Ну ты адкрыў Амэрыку! Пра гэта яшчэ Францыск Скарына напісаў. Памятаеш? “Як ад нараджэньня зьвяры, што ходзяць у пустыні, ведаюць ямы свае; птушкі, што лятаюць у паветры, ведаюць гнёзды свае; рыбы, што плаваюць па моры і ў рэках, чуюць віры свае; пчолы і тым падобныя бароняць вульлі свае, – так і людзі, дзе нарадзіліся і ўскормлены, да таго месца вялікую ласку маюць”, – прамовіў я, цытуючы Скарыну па памяці.
Піва я ня піў, бо меў харчовую алергію на дражджавыя напоі. Таму падтрымліваў сябра чырвоным віном.
-Ну, скажу табе, Скарына саўпраўды аўтарытэт, – пагадзіўся з маёй заўвагай сябар. – Магутны чалавек, волат духу і ведаў. Дарэчы, недзе тут ён хадзіў, па гэтых берагох. Тут быў ягоны дом і радзіма.
-Скажу больш, ня проста хадзіў, а сядзеў за партай і вучыў латынь. Якраз амаль на тым месцы, дзе мы зараз сядзім з табой. – Нядаўна архэолягі правялі раскопкі на суседняй сядзібе і знайшлі рэшткі драўлянага бэрнардынскага кляштару, які першапачаткова, за часамі Скарыны, быў тут пабудаваны.


