Падарунка на Дзень горада ў выглядзе новага помніка не будзе. Скульптура Давыда Гарадзенскага будзе гатовая толькі ў кастрычніку. Пра гэта Hrodna.life распавёў майстар Сяргей Аганаў.
Нагадаем, эскіз Сяргея Аганава перамог у конкурсе праектаў. Найлепшую прапанову вызначылі ў Гродне 12 красавіка. Тады ў конкурсе ўдзельнічалі 13 прац. Грошы на помнік вылучыў мецэнат Анатоль Карабач – заснавальнік мінскай фірмы “Хорс-Мотарс”, ураджэнец Краснасельскага, што пад Ваўкавыскам.
Помнік знакамітаму кашталяну гродзенскага замка размесціцца на скрыжаванні вуліц Замкавай і Давыда Гарадзенскага. Помнік будзе складацца з дзвюх частак: пастамент і сама скульптура. Вышыня скульптупы разам з пастаментам будзе складаць 3,75 м.
“Спяшацца ў гэтай сітуацыі я не бачу сэнсу, – расказвае Сяргей. – Хочацца добры і якасны помнік зрабіць, так што, хутчэй за ўсё, ён з’явіцца ў Гродне ў кастрычніку. Работы яшчэ шмат, нягледзячы на тое, што я са жніўня працую штодня з 8.30 да 18.00. На большае сіл не хапае. Даволі цяжка рэзаць і калоць граніт”.
Сяргей паказаў Hrodna.life, як помнік выглядае цяпер:





