Гродзенец Аляксандр Аўгусцінчык набыў сабе незвычайны апарат – монакола – і штодня ездзіць на ім на працу. Што гэта такое і як на ім ездзіць, мужчына распавёў Hrodna.life.
Аляксандр год таму перабраўся з Гродна ў Маскву, дзе працуе менеджарам. Перад мужчынам стала пытанне: як дабірацца на працу? На машыне і метро доўга. Аднойчы гродзенец убачыў у знаёмага незвычайнае кола, якое той выкарыстоўваў штодня ў якасці транспарту.
“Паспрабаваў праехацца – спадабалася, – распавядае Аляксандр. – Прыйшоў дадому, пралічыў эканамічную мэтазгоднасць. Кола развівае хуткасць каля 30 км/г, праязджае да 40 км на адным зарадзе. Адна зарадка – менш кілавата, а на беларускія грошы гэта ўсяго 6 капеек. Я зразумеў, што гэта вельмі выгадна”.
Аляксандр вучыўся кіраваць колам каля гадзіны. За першы тыдзень удалося праехаць каля 200 км. Першы час хлопец падаў, але зараз без праблем у любое надвор’е, акрамя зімы, дабіраецца на ім на працу.

Дзякуючы монаколу Аляксандр штодня ашчаджае 2-3 долары. На сваім апараце мужчына дабіраецца на працу хутчэй, чым на метро і машыне.
“Усяго мне трэба пераадолець 10 км – на гэта ў мяне сыходзіць 40 хвілін сярэдняга тэмпу. На метро я буду дабірацца 1,5 гадзіны, а на машыне 2.5. У Маскве такі транспарт мала ў каго ўбачыш, а для Гродна гэта наогул дзіва. Людзі іншы раз не разумеюць на чым гэта я еду. Кажуць: “Будучыня наступіла”.
Сёння монакола можна купіць па цане да 1000 долараў. Асноўны вытворца – Кітай.


