Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы (САДМЛ) і пракуратура заявілі, што праводзяць дасудовае расследаванне аб парушэнні дзяржаўнай мяжы. У Вільні сцвярджаюць, што мяжу парушыў беларускі памежнік. У Дзяржпагранкамітэце Беларусі паведамілі, што інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці, піша «Тут.бай».
Інцыдэнт адбыўся 9 верасня. У Літве заявілі, што прадстаўнік Дзяржпагранслужбы Беларусі зайшоў на тэрыторыю Літвы, прабыў там менш хвіліны і вярнуўся на тэрыторыю сваёй краіны. Інцыдэнт адбыўся ў зоне адказнасці Друскеніцкай пагранзаставы.
«У той дзень было парушэнне мяжы, ніхто не быў затрыманы», — паведаміў прэс-сакратар САДМЛ Гедрус Мішуціс. У Вільні заявілі, што раней такія інцыдэнты здараліся з грыбнікамі, а з беларускімі службовымі асобамі гэта адбываецца ўпершыню.
У Дзяржпагранкамітэце гэтую інфармацыю абверглі.
«Днём 9 верасня на ўчастку адказнасці Гродзенскай памежнай групы адбылося парушэнне рэжыму дзяржаўнай мяжы неўстаноўленым мужчынам», — распавёў афіцыйны прадстаўнік ГПК Антон Бычкоўскі.
У ГПК растлумачылі, што на тэрыторыю Літвы зайшоў мужчына ў камуфляжным касцюме — але па фота- і відэаматэрыялах, атрыманых з мяжы, можна сцвярджаць, што мужчына не з’яўляецца супрацоўнікам Дзяржпагранкамітэта.
«Аказалася, што гэта грыбнік, мужчына перасёк мяжу і прайшоў 2,5 метра. Ён прабыў там менш хвіліны і вярнуўся «, — паведамілі ў ведамстве.
11 верасня адбылася рабочая сустрэча двух ведамстваў, на якой былі прадстаўленыя фатаграфіі з камер відэаназірання.
Акрамя праверкі літоўскім бокам, Гродзенская пагрангрупа таксама распачала праверку і адміністрацыйны працэс.