Яшчэ ў 2016 годзе бізнэсмен задумаў зрабіць офіснае памяшканне ў старым доме па вуліцы Ажэшкі, 47. Для гэтага ён вырашыў прабіць дзірку ў сцяне будынка, але праз год, так і не адкрыўшыся, яму давялося тую ж самую дзірку замуроўваць.

У доме па Ажэшкі, 47, які быў пабудаваны ў пачатку XX стагоддзя, сёння ніхто не жыве. Толькі прыватнікі арандуюць памяшканні на першым паверсе.

У кастрычніку 2016 года да будынка прыехала брыгада рабочых. За дзень працоўныя выбілі адтуліну для дзвярэй. Неўзабаве дзверы там з’явіліся.

Новы офіс так і не адкрыўся. Праз год тут зноў з’явіліся рабочыя. Яны знялі дзверы і заклалі адтуліну, а пасля ўсё затынкавалі. Засталіся толькі прыступкі.

У камяніцы на Ажэшкі прабілі ў сцяне новыя дзверы. А потым замуравалі

З уладальнікам памяшкання пагаварыць не ўдалося. Суседзі кажуць, што яму не далі дазволу на выбіванне праёму і ўстаноўку дадатковых дзвярэй. Маўляў, дзверы пачалі прабіваць, калі праект яшчэ не быў узгоднены.

Гэта не адзінкавы выпадак у гістарычнай частцы горада, калі арандатары або ўласнікі будынка спачатку выбіваюць адтуліну ў старым доме. Праўда, звычайна яе ўдаецца легалізаваць.