Чарговы выпуск праграмы «Нулявы кіламетр» выйшаў 4 верасня. Гэтым разам аўтарка праекта Наталля Шматко распавяла пра самы стары некропаль на тэрыторыі Беларусі, які знаходзіцца ў Гродне на вуліцы Антонава.

«Ідэя зрабіць праграму аб найстарэйшых могілках з’явілася ў нас год таму, калі Андрэй Вашкевіч правёў экскурсію па некропалі, — распавядае аўтар праграмы Наталля Шматко. — Тады ж зрабілі невялікую здымку, запісалі з ім інтэрв'ю. Усё астатняе, у тым ліку выдатныя кадры з квадракоптэра, знялі гэтым летам. Доўга правілi сцэнар.

У некропаля вельмі багатая гісторыя, так шмат цікавых фактаў, вядомых імёнаў, тэхнічных нюансаў. Але змантаваць ўсё ў адзін выпуск проста было нерэальна. Напрыклад, у гэтай праграме мы ніяк не закраналі гісторыю капліц і царквы на могілках. Магчыма, пра іх атрымаецца ў будучыні асобны выпуск".

Даведка

Старыя гродзенскія могілкі знаходзяцца практычна ў самым цэнтры горада на вуліцы Антонава. На высокіх пагорках, амаль на трох гектарах зямлі, знаходзяцца праваслаўныя і каталіцкія пахавання. Пісьмовых крыніц пра дакладны час заснавання няма. Але першыя пахавання, якія змаглі ідэнтыфікаваць гісторыкі, адносяцца да канца XVIII стагоддзя. Польскія, як яшчэ кажуць, каталіцкія могілкі, было заснавана ў 1792 годзе. Пазней з’явілася і праваслаўная частка могілак.