Напярэдадні новага сезона гродзенскі міні-футбольны клуб “УУС-Дынама” выпусціў прэзентацыйны ролік на беларускай мове. Мясцовыя футбалісты, у ліку якіх ёсць і супрацоўнікі міліцыі, заклікаюць падтрымаць іх у чэмпіянаце.

“УУС-Дынама” з’яўляецца адзінай камандай з Гродна, якая прадстаўляе рэгіён у чэмпіянаце Вышэйшай лігі па міні-футболе. Каманда з’яўляецца серадняком чэмпіянату і час ад часу можа на роўных змагацца з лідарамі. Матчы “УУС-Дынама” ў Гродне праходзяць у спорт-комплексе “Вікторыя” па вуліцы Гагарына. З гэтага сезона плануецца, што ўсе хатнія гульні мясцовых дынамаўцаў будуць паказваць у прамым эфіры на тэлеканале “Гродна плюс”.

У канцы жніўня прэс-служба «УУС-Дынама» прадставіла іміджавы ролік каманды, дзе футбалiсты праспявалі на роднай мове і заклікалі гродзенцаў падтрымаць іх у гульнях чэмпіяната.

А ўжо 2 верасня футблiсты правялі ў Гродне свой першы матч. У «УУС-Дынама» гасцяваў «Вітэн» з Оршы. Старт сезона ў дынамаўцаў не зладзіўся, футбалісты саступілі гасцям з лікам 2:4.

Ужо на наступных выходных пройдзе другі тур чэмпіянату Беларусі па міні-футболе сярод каманд Вышэйшай лігі. Гродзенцы ў Мінску сустрэнуцца з «Дынама-БНТУ».

Сачыць за гродзенскай камандай можна на сайце УУС Гродзенскага аблвыканкама i ў афіцыйнай групе Вконтакте.