Сёння ў Гродне авіямадэльны спорт — справа для фанатаў. Не самая папулярная, але запатрабаваная ў вузкіх колах. Хто і як працягвае савецкія традыцыi незвычайнага спорту ў эпоху тэхналогій і квадракоптэраў, даведваўся карэспандэнт Hrodna.life.

Авіямадэльны спорт у Гродне пачаў развівацца ў 1950-х. Сёння адна з секцый дзейнічае ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Там развіваюць кордавыя пілатажныя мадэлі. Летась хлопцаў з самалётамі на можна было ўбачыць на поле стадыёна «Юнацтва», што ў Каложскім парку. Але зараз аматары палятаць сталі збірацца на Вялікай Траецкай, дзе яны больш заўважныя.

«Сёння ў нас не столькі вучняў, як у 1980-х, але ёсць пэўны касцяк, які не проста лятае, але і ўдзельнічае ў спаборніцтвах, — распавядае майстар авіямадэльнага спорту Віктар Емяльянаў. — Усе школьнікі ў нас займаюцца бясплатна, і мы ім заўсёды рады. Чаму да нас прыходзяць? Многіх прыцягвае авіяцыя. У секцыi ў нас даступна каля 20 самалётаў».

Ёсць фанаты і ў эпоху дронаў: хто ў Гродне працягвае развіваць авіямадэльны спорт
Віктар Емяльянаў працуе ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі ў секцыі авіямадэлявання ўжо 44 гады

Яшчэ ёсць будучыня

Калі канструкцыю самалёта спартоўцы могуць сабраць самастойна, то рухавічкі на іх прыходзіцца купляць асобна. З Японіі можна замовіць за 90 еўра. І ён будзе яшчэ не самы лепшы. У Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі ў наяўнасці ёсць яшчэ савецкія маторчыкі.

«Зараз у нас толькі кордавыя мадэлі [на шнурку — рэд.], радыёкіраваных няма — яны дарагія. Некаторыя спартоўцы самі сабе такія купляюць. Тое, што зараз развіваюцца тэхналогіі і з’явіліся квадракоптары — гэта адно, але кордавыя мадэлі самалётаў па-свойму цікавыя. Мне здаецца, у іх яшчэ ёсць будучыня. Дагэтуль праводзяцца чэмпіянаты краіны і Еўропы ў розных катэгорыях гэтага спорту», — дадаў Віктар Емяльянаў.

У Гродне ёсць чэмпіёны Беларусі

Гродзенец Марк Неўгень займаецца авіямадэльным спортам ўжо 6 гадоў. За гэты час хлопец паспеў стаць чэмпіёнам Беларусі. Акрамя гэтага ён займаецца прафесійна барацьбой.

Ёсць фанаты і ў эпоху дронаў: хто ў Гродне працягвае развіваць авіямадэльны спорт
Марк Неўгень, чэмпіён Беларусі па авiямадэльным спорце ў катэгорыі кордавых самалётаў. Займаецца хлопец гэтым спортам ужо 6 гадоў
«Імкнуся сумяшчаць два спорты, мне ўсё цікава. На авіямадэльны спорт мяне аддаў тата і я не шкадую пра гэта. Маю ўжо эўныя поспехі. Я лятаю на сваім самалёце з маторчыкам, які набыў за 120 долараў. Часта выязджаю на спаборніцтвы. Нядаўна ездзіў у Салігорск, дзе стаў чэмпіёнам Беларусі».

Новы набор у секцыю авіямадэльнага спорту ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі сёлета пачнецца з 3-га верасня. Заняткі для школьнікаў будуць праходзіць тры разы на тыдзень.