Васьмідзённы велапраект «Думка мае значэнне» ў падтрымку Мэтаў устойлівага развіцця стартаваў у Гродне 27 жніўня. Iніцыятары праекта — ПРААН у Беларусі, яе партнёры з урада, грамадскія арганізацыі, прыватныя ініцыятывы, міжнародныя і дыпламатычныя супольнасці Беларусі.

Праект накіраваны на падтрымку людзей з інваліднасцю. Да старту велапрабегу ў Моладзевым цэнтры «Гродна» адбылася сустрэча ў нефармальнай абстаноўцы. Удзельнікі з інваліднасцю распавялі прадстаўнікам улады і дыпламатам аб асаблівасцях жыцця з інваліднасцю ў Беларусі.

У Гродне стартаваў велапрабег у падтрымку Мэтаў устойлівага развіцця
Пасля ўсе адправіліся на Савецкую плошчу, дзе прабег стартаваў.

Мэты праекта: павысіць веды грамадскасці аб людзях, якія жывуць з рознымі відамі інваліднасці, заахвоціць да здаровага ладу жыцця і прасоўваць устойлівы турызм у Беларусі.

Удзельнікі велапраекта — маладыя веласіпедысты, а таксама дыпламаты. Сярод іх пастаянны каардынатар ААН у Беларусі Санака Самарасiнха, амбасадар Вялікабрытаніі ў Беларусі Фіёна Гіб і іншыя.

Плануецца, што ўдзельнікі велапраекта праедуць праз гарады і вёскі Гродзенскай і Мінскай абласцей. Іх маршрут складзе каля 400 км. Падчас велапрабегу ўдзельнікі будуць спыняцца на розных кропках і прымаць удзел у дыскусіях аб псіхічным здароўі з мясцовымі жыхарамі. Плануецца, што ўдзельнікі наведаюць гістарычныя і культурныя славутасці месцаў, праз якiя будуць праязджаць. Такім чынам яны будуць прасоўваць і папулярызаваць устойлівы турызм і беражлівае стаўленне да навакольнага асяроддзя.