Удзельнікаў з 20 краін сабраў на Аўгустоўскім канале велапрабег у падтрымку Мэтаў ўстойлівага развіцця ААН, піша БЕЛТА. Беларускія міністры, прадстаўнікі дзясятка дыпламатычных місій, кіраўнікі прадстаўніцтваў ААН і замежных арганізацый у Беларусі, прадстаўнікі органаў улады, грамадскіх арганізацый, кіраўнікі спартыўных і турыстычных арганізацый з усёй краіны, проста аматары веласіпедных шпацыраў і актыўнага адпачынку, у тым ліку людзі з абмежаванымі магчымасцямі, сталі ўдзельнікамі велапрабегу ў падтрымку Мэтаў ўстойлівага развіцця ААН — Bike4SDGs 2017. Акрамя велапрабегу ўсе жадаючыя маглі далучыцца да сплаву на байдарках альбо прайсці дыстанцыю скандынаўскай хадой.
«У гэтым годзе прабег прысвечаны дэманстрацыі турыстычнага патэнцыялу Гродзенскай вобласці, папулярызацыі здаровага і экалагічнага ладу жыцця, развіццю грамадства роўных магчымасцяў. Усё гэта частка Мэтаў ўстойлівага развіцця, якія ўвесь свет, у тым ліку Рэспубліка Беларусь, павінны выканаць да 2030 года», — сказаў пастаянны каардынатар ААН у Беларусі Санака Самарасінха.
Упершыню падобны фестываль прайшоў ў 2016 годзе ў Налібоцкай пушчы. У гэтым годзе месца для правядзення стаў унікальны і цікавы турыстам Аўгустоўскі канал, а ў наступным, як чакаецца, прабег прыме Белавежская пушча. Сам жа фэст плануюць зрабіць штогадовым. «У Беларусі вялікая колькасць ўзрушаюча прыгожых месцаў, і мы хацелі б іх паказаць гасцям з-за мяжы», — адзначыў Санака Самарасінха. У гэтым годзе велапрабег ўключылі ў праграму традыцыйнага рэгіянальнага фестывалю «Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў».
Многія прымалі ўдзел у велапрабегу цэлымі сем’ямі. Напрыклад, амбасадар Літвы ў Беларусі Андрус Пулокас на Аўгустоўскі канал прыбыў з жонкай і двума сынамі. «Такія мерапрыемствы збліжаюць людзей, — упэўнены дыпламат. — Бязвізавы ж рэжым на Аўгустоўскім канале збліжае і народы. Цяпер нам трэба яшчэ больш актыўна выкарыстоўваць сумесны турыстычны патэнцыял».