Вялікі хакей вярнуўся ў Гродна. У першым матчы сёлетняга розыгрышу Лігі чэмпіёнаў, 25 жніўня, каманда Сяргея Пушкова прымала на сваім лёдзе аўстрыйскую “Вену Кэпіталз”. Асноўны час матчу скончыўся пры ліку 4: 4. Вырваць перамогу  гродзенцы здолелі ўжо ў авертайме.

“Нёман” пачаў актыўна і ўжо на 28-й секундзе матчу адкрыў лiк. Праўда, на той момант каманда Сяргея Пушкова гуляла ў большасці. Дакладным кідком адзначыўся Андрэй Коршунаў. Далей на працягу ўсяго перыяду “Нёман” шмат разоў мог забiць, але брамнік гасцей быў непрабіўны. Не забіваеш ты, забіваюць табе. У самым канцы перыяду госці здолелі выйсці наперад.

Другі перыяд супернікі правялі практычна на роўных, за выключэннем актыўнай канцоўкі гродзенцаў. “Нёман” здолеў на 35-й хвiлiне закінуць, тым самым зраўняць лік. А праз 16 секунд нечакана для гаспадароў “Вена” зноў  вышла  наперад. Нягледзячы на намаганні каманды Сяргея Пушкова больш скарыць вароты гасцей ў другой дваццаціхвілінцы не ўдалося. У гэтым вялікая заслуга галкіпера праціўнікаў.

Трэці перыяд выдаўся вельмі відовішчным, відаць было, што каманды біліся да апошняга і гулялі толькі на перамогу. На 45-й хвіліне матчу “Нёман” у чарговы раз параўнаў лiк, а ўжо на 49-й выйшаў наперад. Здавалася б, гродзенцы здолеюць утрымаць пераможны лiк, але гэтага не адбылося. Аўстрыйцы забiлі на 52-й хвіліне. Асноўны час матчу скончыўся пры ліку 4:4. Згодна з рэгламентам Лігі чэмпіёнаў, быў прызначаны дадатковы час – 5 хвілін, або да першай шайбы. Гродзенцам спатрэбілася 1 хвіліна і 23 секунды, каб закінуць пераможную шайбу, аўтарам якой стаў Жыдкіх.

“Нёман” – “Вена Кэпіталз” 5: 4 (АВ) (1: 2, 1: 1, 2: 1, 1: 0)

Шайбы: 1: 0 – Коршунаў (Баярчук, С.Маляўка, 0.28 – бол.). 1: 1 – Шарп (Хольцапфель, 17.33 – бол. 4х3). 1: 2 – Полластроўн (Фрэйзер, 17.47). 2: 2 – Стэфановіч (Пасют, Дарафееў, 35.17 – бол.). 2: 3 – Клубертанц (Воз, 35.33). 3: 3 – Ляўша (Рэмезаў, 45.28). 4: 3 – С.Маляўка (Баярчук, 49.13). 4: 4 – Маккiрнан (Броклхерст, Тэсье, 52.20). 5: 4 – Жыдкіх (Пасют, 61.23).

Наступны матч у Лізе чэмпіёнаў “Нёман” правядзе таксама ў Гродне. 27 жніўня гродзенцы будуць прымаць швейцарскі “Цуг”.