Да канца 2017 года стары будынак па адрасе плошча Тызенгаўза 4Б перададуць ва ўласнасць Міністэрства Лясной гаспадаркі Беларусі. Пра гэта Hrodna.life распавялі ва ўпраўленні архітэктуры Гродзенскага гарвыканкама. У будучыні там плануецца размясціць лясную адміністрацыю, музей лясной гаспадаркі, а таксама фiтааптэку.

Ва ўпраўленні Лясной гаспадаркі Гродзенскай вобласці распавялі, што ім прыемна, што ў іх уласнасць перададуць будынак, дзе ў канцы ХVIII стагоддзя працавалі іх калегі. На дадзены момант праект рэканструкцыі будынка знаходзіцца на стадыі распрацоўкі. Пры добрым раскладзе ў будучыні ў будынку можа размесціцца лясная адміністрацыя, музей лясной гаспадаркі і фiтааптэка. Але гэта ўсяго толькі планы. Як будзе насамрэч — пакуль невядома.

Нагадаем, у пачатку ліпеня горад спрабаваў прадаць стары будынак на аўкцыёне за 440 тысяч долараў. Але тады пакупніка на аб’ект не знайшлося.

[irp posts="27 844″ name="На будынак часоў Тызенгаўза ў цэнтры Гродна не знайшлося пакупнікоў"]

Даведка

Будынак па адрасе пл. Тызенгаўза 4б вядомы як Дом лясной адміністрацыі. Хутчэй за ўсё, пабудаваны з цэглы ў стылі барока ў 1770 годзе па праекце архітэктара Мёзера. Уваходзіў у архітэктурны комплекс Гарадніцы. Магчыма, у 1775−1780 гг. тут працавала акушэрская школа. У 1899−1915 гг. будынак уваходзiў у комплекс акруговай бальнiцы. Пасля Другой сусветнай вайны выкарыстоўваўся пад жыллё.