Увядзенне бязвізавага рэжыму на тэрыторыі турысцка-рэкрэацыйнага парку «Аўгустоўскі канал» і прылеглых тэрыторыях было апраўданым. Такое меркаванне выказаў у эфіры Радыё Гродна начальнік упраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Алег Андрэйчык.

Ужо больш за 32 тысяч бязвізавых турыстаў з 55 краін свету наведалі Гродна і яго наваколле. Зараз ідзе праца над праектам указа прэзідэнта аб прадаўжэнні дзеяння бязвізавага рэжыму на наступныя гады. У планах павелічэнне колькасцi дзён знаходжання турыстаў, а таксама ўключэнне ў зону бязвізавага рэжыму тэрыторыі ўсяго Гродзенскага раёна, уключаючы аэрапорт і чыгуначны вакзал.

«Толькі каля 6 тысяч чалавек прыехалі ў Гродна па бязвізавым рэжыме і наведалі спартыўныя мерапрыемствы, — распавядае Алег Андрэйчык. — Вельмі шмат турыстаў, якія вяртаюцца да нас і нават ужо з сябрамі. Павялічваецца і колькасць дзён побыту ў рэгіёне, а таксама фінансавыя паступленні. Горад таксама рыхтуецца да прыёму гасцей. Напрыклад, у Гродне за паўгода адкрылася шмат розных кафэ. Ёсць праблема недахопу гасцініц у нашым горадзе, але гэтае пытанне зараз вырашаецца — з’яўляюцца хостэлы».


Указ № 318, які дае права замежным турыстам наведваць без віз тэрыторыю спецыяльнага турысцка-рэкрэацыйнага парку «Аўгустоўскі канал», уступіў у сілу 26 кастрычніка 2016 года. Дакумент прадугледжвае магчымасць бязвізавага ўезду тэрмінам да пяці сутак на тэрыторыю парку і ў прылеглыя населеныя пункты Гродзенскага раёна і Гродна.