У няпростых умовах надвор’я давялося гуляць “Нёману” і мінскаму “Дынама” ў Гродне 20 жніўня. Адзiны гол, забіты гасцямі ў другім тайме, і вырашыў зыход сустрэчы.
Ужо другія суткі ў Гродне не спыняецца дождж. Многiя мясцовыя аматары футбола вырашылі з-за надвор’я адмяніць паход на стадыён і аддалі перавагу тэлетрансляцыі.
Перад стартавым свістком газон на стадыёне “Нёмана” быў яшчэ ў нармальным стане, а вось разметкі з-за дажджу ўжо амаль не было бачна. Футбалістам давялося гуляць у вельмі складаных умовах.
Мінчукi добра пачалі і ўжо да 15-й хвіліны мелі тры добрыя моманты, каб адкрыць лік у матчы. Гродзенцаў ратавала то штанга, то Курганскі.
Ужо бліжэй да сярэдзіны тайма “Нёман” адсунуў гульню ад сваіх варот і час ад часу спрабаваў пагражаць варотам “Дынама”. Але як такой небяспекі каля брамы гасцей жоўта-зялёным не ўдалося стварыць.

У другім тайме дождж узмацніўся. Тым часам мінчукі сталі дзейнічаць больш актыўна, але да ўзяцця варот справа так і не даходзіла. Толькі пасля таго як галоўны трэнер “Дынама” Сяргей Гурэнка выпусціў Нікаліча, яго камандзе атрымалася вызначыцца. Зрабілі гэта госці на 70-й хвіліне, калі Нікаліч добра згуляў у штрафной на дабіванні і дакладна трапіў у левы вугал варот Курганскага.
Пасля гола гаспадары ўсімі сіламі пайшлі адыгрывацца. Кавалевіч выпусціў ва ўзмацненні камандзе Хлебасолава і Верхаўцова, але стварыць нейкую пагрозу каля брамы “Дынама” жоўта-зялёным не ўдалося. Так госці ў вынiку ўтрымалі пераможны лiк і павезлі з Гродна каштоўныя 3 ачкі.
“Нёман” – “Дынама- Мінск” – 0:1
Галоўны трэнер “Нёмана” Ігар Кавалевіч пасля матчу:
“Віншую “Дынама” з перамогай. “Дынама” – добра арганізаваная каманда. Мы вывучалі суперніка, рыхтаваліся да гульні, але ў нас не атрымаўся пачатак матчу з-за нявымушаных памылак, было шмат браку. Выйграе той, хто забівае. Дынама забіла, а мы не змаглі. Нейкія намаганні прыкладвалі, каб стварыць моманты, але гэтага не хапіла. Рыхтуемся далей, наперадзе гульня з “Віцебскам”.
Нягледзячы на паразу, у турнірнай табліцы “Нёман” застаўся на 4-м радку. Жоўта-зялёныя па ранейшаму маюць у сваім актыве 32 ачкі, на адзін бал менш у “Віцебска” з якім камандзе Кавалевіча трэба будзе сустрэцца ў наступным туры.
Матч з “Віцебскам” у гродзенцаў пройдзе на выездзе 26 жніўня.


























