Пяць з пяці – такі вынік першага этапу Кубка Салея ў гродзенскага “Нёмана”. У заключным матчы этапу, які праходзіў у суботу 19 жніўня ў Гродне, хакеісты Сяргея Пушкова абыгралі “Гомель” з лікам 4:3.

Каманды правялі добры паядынак, з багаццем барацьбы, небяспечных момантаў і, вядома ж, галоў. “Нёман” і “Гомель” напярэдадні матчу ў Гродне ішлі без паражэнняў. Гэта быў матч за першы радок у групе Б.

У першым перыядзе каманды вызначыліся па разе. Зрабілі яны гэта ў большасцi. Лік у матчы адкрылі гродзенцы. На 10-й хвіліне Лісічкін з перадачы Пасюта дакладна прабіў па варотах гасцей. Праз хвіліну “Гомель” параўноўвае лiк пры дапамозе Дурнова.

Другі перыяд гродзенам даўся складаней, чым першы. Але, нягледзячы на ​​гэта, каманда Сяргея Пушкова здолела рэалізаваць свае моманты. Спачатку на 24-й хвіліне Кіслы вывеў “Нёман” наперад, а на 39-й Бадун робіць лiк 3:1.

У заключнай дваццаціхвілінцы гаспадарам таксама было нялёгка. Са старту “Гомель” здолеў адыграць адну шайбу, дзякуючы дакладнаму кідку Мусіенкі. Але тут жа хутка рушыў адказ чырвона-чорных. Сяргей Маляўка вызначыўся i зрабiў лiк 4:2.

У самым канцы асноўнага часу галоўны трэнер “Гомеля” здымае брамніка і выпускае шостага палявога гульца, але гэта не дапамагае яго камандзе. Дапамагае “Гомелю” меншасць. Менавіта ўчацвёра госці здолелі закінуць сваю трэцюю шайбу, але яна апынулася апошняй у матчы.

“Нёман” – “Гомель” 4:3 (1:1, 2:0, 1:2)

галы:
10.16 1: 0 – Лісічкін (Пасют, Дарафееў, – бол.)
11.36 1: 1 – Дурноў (Сёмачкін, Несцераў, – бол.)
34.41 2: 1 – Кіслы (Баярчук, С.Маляўка)
39.29 3: 1 – Бадун (Коршунаў, Жыдкіх)
42.28 3: 2 – Мусіенка (Сусло, Сачыўка)
44.33 4: 2 – С.Маляўка (Еронаў)
58.39 4: 3 – Коласаў (мен.)

Дзякуючы перамогам ва ўсіх матчах першага этапу, “Нёман” у групе Б займае першае месца і выходзіць у паўфінал розыгрышу, якi адбудзецца ў вераснi.

У пятніцу 25 жніўня гродзенскія хакеісты на сваёй пляцоўцы стартуюць у Лізе Чэмпіёнаў. Першым супернікам каманды Сяргея Пушкова будзе аўстрыйская “Вена”. Пачатак матчу ў 19.00.