Напярэдадні Сусветнага дня бяздомных жывёл, які адзначаецца 19 жніўня, фатограф Наталля Бакей і тату майстар Аляксандра Сарока, сумесна з арганізацыяй «След жыцця», прадставілі фотапраект, у якім вядомыя гродзенцы закрылі сабой жывёл ад стрэлаў. Мэта акцыі - прыцягнуць увагу людзей да праблемы адстрэлу бездаглядных жывёл на вуліцах.

У ролі мадэляў выступілі: харэограф Оля Лета, фатограф Вазген Карапецян, дызайнер Леначка Паспелава, фатограф Аляксей Набокаў, блогер Vadimati, арганізатар масавых мерапрыемстваў Сяргей Іваноў і ды-джэй Modno.

«Ідэя акцыі прыйшла пасля жудаснай гісторыі з сабакам Снікерсам, якога мужчына расстраляў каля свайго дома проста дзеля забавы. Мы павінны спыніць жорсткасць, інакш яна, як пустазелле, можа запоўніць усе наша грамадства», — распавяла фатограф Наталля Бакей.

«Сабакі і каты, гэтак жа як і людзі, адчуваюць боль і пакуты, — кажа кіраўнік „Следу жыцця“ Дар’я Рашэтнікава. — Але з-за таго, што няма строгага закона, які рэгулюе гэтае злачынства, людзі дзеля забавы страляюць у жывёл і часта проста плацяць штраф. А сведкамі гэтага становяцца дзеці».

Арганізатары акцыі заклікаюць людзей звярнуць увагу на праблему жывёл і падпісаць петыцыю, створаную, каб узмацніць закон аб жорсткім абыходжанні з імі.