«Сёлетняя выстава самая багатая — 150 сартоў гладыёлусаў, — прадстаўляла свае кветкі наведвальнікам Ала Квяткоўская. — У гэтым годзе жнівень выдаўся гарачым, таму адначасова заквітнелі і раннія, і познія гладыёлусы». Усяго калекцыя сям'і налічвае 370 сартоў гэтых кветак. Два дні, 17 і 18 жніўня, іх можна пабачыць у Гродне ў гарадской бібліятэцы імя Макаёнка.

Асаблівасцю выставы Ала Квяткоўская назвала вялікую колькасць навінак — больш за 70: «Некаторых відаў няма больш ні ў каго з беларускіх калекцыянераў». Цікавымі для аматараў гладыёлусаў будуць і сарты-мініяцюры. Іх у сёлетняй калекцыі дзесяць.

Большасць кветак — беларускай, расійскай і прыбалтыўскай селекцыі. Тут можна пабачыць «Пылаючы бархат», «Зачараваную Вольгу», «Памяць Талькова», «Шарманку» і нават «Аляксандра Лукашэнка». Праўда, кветкі гэтага сорта квітнеюць пазней, а пакуль што стаяць у бутонах. «Пад канец выставы абавязкова раскрыецца», — абяцае гаспадыня. Паводле Алы Квяткоўскай, гладыёлусы даюць магчымасць не перастаць радавацца жыццю. «Бывае, кепскі настрой, то думаю, што не буду больш вырошчваць кветкі, бо цяжка. Але калі яны расцвітаюць, ізноў разумею, што адмовіцца ад іх немагчыма. "

"Аляксандр Лукашэнка пакуль у бутонах". Выстава гладыёлусаў адкрылася ў Гродне