Гарачае надвор’е дае аб сабе знаць. Згодна з аператыўнай зводкай МНС на Гродзеншчыне за выходныя 12 і 13 жніўня патанула тры чалавекі. Усе загінуўшыя — мужчыны.

Першы выпадак быў зарэгістраваны 12 жніўня ў 16.50 — на лінію 101 паступіла паведамленне, што на возеры Юбілейнае ў Гродне патануў чалавек. Па словах відавочцаў, гэта здарылася падчас купання ў спецыяльна абсталяваным для гэтага месцы. Цела патанулага 31-гадовага мужчыны дасталі з вады супрацоўнікі Таварыства выратавання на вадзе.

У той жа дзень у 19.57 паведамленне аб затанулым паступіла з вёскі Пуцэвiчi Навагрудскага раёна. Загінулага знайшлі і дасталі з вады супрацоўнікі МНС. Гэта быў мужчына 42 гадоў.

Раніцай 13 жніўня ў 6.30 паступіў званок з Ліды — напярэдадні позна ўвечары мясцовыя супрацоўнікі АСВОД дасталі з Лідскага вадасховішча патанулага, якому было 24 гады.