Ужо некалькі дзён рабочая тэхніка руйнуе будынкі былога гарбарнага завода на Гарнавых. Што ў будучыні з’явіцца на вялікім участку ў цэнтры Гродна, пакуль сказаць ніхто не можа.

Больш за дзесяць гадоў без гаспадара прастаяў закінуты завод і трапіць на яго тэрыторыю мог любы жадаючы, бо аховы там практычна ніколі не было.

Гродзенскія гісторыкі і краязнаўцы на працягу многiх гадоў выступалі супраць зносу старога завода, які быў пабудаваны яшчэ ў 1920-х гадах, але за годы прастою ратаваць ад прамысловага аб’екта ўжо фактычна не было чаго. Шмат чаго скралі, штосьцi перавезлі ў iншае месца, а штосьцi проста разбурылі.

Так былы завод выглядаў у лiстападзе 2016 года:

Зараз будаўнікі за два днi разбурылi некалькі пабудоў завода, абяцаюць што цягам бліжэйшых дзён разбураць і астатнія.

Што ў будучыні будзе на месцы гарбарнага завода пакуль ніхто не ведае, ёсць верагоднасць, што зямлю выставяць на аўкцыён.

Даведка

Гарбарны завод у занёманскай частцы горада быў узведзены ў 1924 годзе гродзенскім прадпрымальнікам Касоўскім. У тыя часы гэты завод быў перадавым прадпрыемствам горада з уласным генератарам электрычнасці і сучасным абсталяваннем для апрацоўкі скур — кадзямі для вымочвання, жорнамі для размолу дубовай кары, уласнай артэзіянскай скважынай.

На прадпрыемстве за тыдзень апрацоўвалася да тысячы скур, быў уведзены васьмігадзінны працоўны дзень, функцыянавала сталоўка для рабочых.

Скуры, што вырабляліся на фабрыцы, лічыліся аднымі з найлепшых у Польшчы, а фірма Касоўскага (пазней належала Файнбергу, Любашынскаму і Раўшу і мела назву «Фалюра») прыносіла гораду да 50 тыс. злотых падаткаў у год.

У савецкі час на заводзе апрацоўвалі грубыя скуры. Зачынены у пачатку 2000-х.