«Свята мора» на Аўгустоўскім канале адзначылі 12 жніўня. Магчымасцяў правесці вольны час на канале было шмат — ад дэгустацыі юшкі да кідання ботаў на дальнасць. Аднак самым чаканым шоў стаў заплыў на чым папала. Сёлета ў ім паўдзельнічалі каля 20 каманд вобласці.
Самаробныя караблі плаплывалі міма гледачоў, прадстаўляючы да ўвагі не толькі дзівосы канструкцый, але і нечаканых герояў, што іх насялілі. Баба Зося з парсючкамі і качкамі, Верка Сярдзючка з мамай і серабрыстым дэльфінам, Эйфелева вежа і піраты побач з раварыстамі весялілі гасцей свята. Атрымаўся цэлы канцэрт з вады, бо вершам, песням і музыцы таксама знайшлося месца на прэзентацыі.
Каб ацаніць усе аспекты воднага дэфіле караблёў, журы вылучала пераможцаў у некалькіх намінацыях. Гран-Пры конкурса атрымаў карабель «Гала», каманда каторага прадставіла на ім амаль усе творы знакамітага мастака.

