У новым сезоне 2017−2018 года галоўная баскетбольная каманда горада пазбавілася Вячаслава Каржа, Андрэя Навойчыка (абодва падпісалі кантракты са сталічнай камандай «Цмокi-Мiнск»), таксама гродзенцаў пакінуў Павел Карасевіч, аддаўшы перавагу ўдзелу ў чэмпіянаце Польшчы. Нягледзячы на значныя ​​страты, гродзенцы прыступілі да трэніровак, паведамляе сайт каманды.

Поўная інфармацыя па складзе на будучы сезон будзе даступная бліжэй да верасня. Пакуль жа тыя, баскетбалісты, што засталіся з каманд «Гродна-93» і «Прынёманне-ГрДУ» прыступілі да сумесных трэніровак у лесапарку «Пышкі», робячы акцэнт на агульную фізічную падрыхтоўку.

Галоўны трэнер «Гродна-93» Андрэй Васiлеўка часова ўзяў кіраўніцтва над абедзвюмя гродзенскімі дружынамі, бо трэнер «дубля» Віталь Маклакоў ад’ехаў на чэмпіянат Еўропы (U18), які пройдзе з 4 па 13 жніўня ў Ірландыі.