Як паведамляюць вартаўнікі былой навучальнай установы на вуліцы Лермантава, яны будуць ахоўваць аб’ект да канца жніўня. Пасля пабудовы перададуць ва ўласнасць горада. Гэта адбудзецца восенню, менавіта тады і будзе вырашацца далейшы лёс будынкаў.

Пра тое, што школы на вуліцы Лермантава не будзе, Hrodna.life распавялі ў аддзеле адукацыі Гродзенскага гарвыканкама яшчэ ў сярэдзіне чэрвеня. Менавіта тады Дапаможная школа № 1 стала пераязджаць на вуліцу Дзяржынскага. Зараз у былой навучальнай установе знаходзяцца толькі вартаўнікі.

«Мы тут да канца жніўня, а пасля ўсё перадаем гораду, — распавядае адзін з вартаўнікоў. — Што тут будзе ў будучыні пакуль невядома, але стан пабудоў яшчэ добры. Пагаворваюць, што іх лёс будуць вырашаць восенню. Нядаўна хадзілі чуткі, што футбольную акадэмію плануюць у школе зрабіць, якраз побач футбольныя палі. Але гэта ўсяго толькі чуткі».

Клас матэматыкі-інфарматыкі загарэўся 18 красавіка. Завуч арганізавала эвакуацыю ўсіх навучэнцаў і выкладчыкаў. Пажарным спатрэбілася 10 хвілін, каб патушыць агонь. Пасля пажару былі сапсаваныя кабінет і столь у калідоры. Планавалася, што гэта ўсё адновяць і ва ўстанове працягнецца навучанне, але гэтага не адбылося.

Варта адзначыць, што школа існавала ў старых будынках на вуліцы Лермантава з моманту пабудовы ў канцы 1920-х гадоў.