Сын гродзенскага прафесара Якава Мараша Ілля прыехаў у Гродна выдаць кнігу пра гісторыю гродзенскай яўрэйскай абшчыны. У кнізе будуць сабраныя працы на працягу ўсяго жыцця як Іллі Мараша, так і яго бацькі Якава.

Пасля смерці бацькі і пераезду ў Ізраіль Ілля Мараш 27 гадоў не быў у родным горадзе. У гэтым годзе ён вырашыўся прыехаць у Гродна, бо перад ім стаіць важная місія — выданне сур’ёзнай кнігі з шэрагам унікальнай інфармацыі. Многія з фактаў будуць апублікаваныя ўпершыню.

Уся інфармацыя для кнігі ўжо перададзена Аляксандру Рыжаму ў выдавецтва «ЮрСаПрынт». Плануецца, што цягам двух тыдняў кніга будзе выдадзена.

Ілля Мараш, як і яго бацька, доўгі час працаваў у Гродзенскім універсітэце імя Янкі Купалы. Пазней, працуючы ў архівах, у тым ліку ў архіве інстытута Яд-Вашэм (Іерусалім), выдаў том дакументаў, якія адносяцца да гітлераўскага акупацыйнага рэжыму ў Гродне, стварэння і знішчэння гродзенскага гета. Пазней Iлля Якаўлевіч стаў аўтарам работ, якія тычацца гісторыі яўрэйскай паліцыі ў гета, лёсу яўрэйскай маёмасці пасля пагромаў, яўрэйскіх гета ў адміністрацыйнай акупацыйнай акрузе Беласток.

«Я рады што прыехаў у Гродна выдаваць сваю кнігу, бо кніга будзе ў асноўным пра гэты горад, — кажа Iлля Мараш. —  Гродна вельмі змяніўся, і да лепшага. Дамы абнавілі, вуліцы сталі чысцей. У мяне з гэтым горадам звязаны толькі прыемныя ўспаміны. І прыехаць выдаць кнігу ў родным месцы гэта вельмі добра.

Кніга будзе пра гродзенскую яўрэйскую абшчыну, пачынаючы з самых старажытных часоў, калі пачалі сяліцца на нашых землях, і да знішчэння падчас Другой сусветнай вайны. Большая частка інфармацыі будзе апублікаваная ўпершыню".

У кнізе будзе прыведзена мноства ўспамінаў, архіўных дадзеных, дакументаў перыяду акупацыі гітлераўскімі войскамі. Напрыклад, Ілля Мараш сабраў мноства інфармацыі аб ідыш-палiцаях у гродзенскім гета, пра якіх піша падрабязна.

«Былі сярод гэтых людзей і тыя, хто проста ратаваў свае жыцці. Але былі і тыя, што лютавалі і былi горш за гестапаўцаў. Пра гэта трэба распавядаць і прыводзіць іх імёны. Пра гэта і многае іншае можна будзе неўзабаве прачытаць у маёй кнізе».