Хутка гродзенскі «Нёман» другі раз у гісторыі стартуе ў хакейнай Лізе Чэмпіёнаў. У лік 48 фан-амбасадараў, якія будуць прадстаўляць свае гарады і каманды ў Еўрапейскім турніры, увайшлі два гродзенцы: Андрэй Цiплашэвiч і Дзмітрый Герасімчык. Hrodna.life пагутарыў з імі і даведаўся, што дае статус фан-амбасадара і чым яны павінны будуць займацца.
Быць фан-амбасадарам у Лізе Чэмпіёнаў гэта магчымасць паглядзець на хакей і гульцоў іншымі вачыма, бо ў прадстаўнікоў гарадоў будзе магчымасць здзейсніць «тур за кулісы матча» і пагутарыць з лепшымі гульцамі сустрэч. Акрамя гэтага, задача ў фан-амбасадара няпростая — ён павінен наведаць усе матчы сваёй каманды ў ЛЧ на хатняй арэне і пры гэтым рабіць фота і відэа справаздачы ў сацыяльных сетках.
Для Дзмітрыя гэта таксама магчымасць дзелавых і нефармальных зносін, у тым ліку на замежных мовах. Дзмітрый размаўляе на нямецкай і англійскай, трошкі разумее польскую. Ён перакананы, што веданне моў адкрывае цалкам іншыя магчымасці пры атрыманні інфармацыі ці наладжванні кантактаў.
Яшчэ да таго як Дзмітрыя абралі амбасадарам, ён ужо планаваў арганізаваць выезд на матчы ХЛЧ гродзенскіх заўзятараў. А таксама думаў як прыёмаць замежных заўзятараў у Гродне. Цяпер у яго з’явілася шмат новых планаў і задач, над якімі ён ужо пачынае працаваць.Усім фан-амбасадарам вышлюць інструкцыю па працы, яны атрымаюць па 2 квіткі на кожны хатні матч, спецыяльны хакейны світэр, а таксама магчымасць браць інтэрв'ю ў хакеістаў. Лепшыя фанаты ХЛЧ атрымаюць 2 квіткі на фінал Лігі, а таксама бясплатныя авіябілеты і пражыванне.
«Я хачу, каб пра наш горад, пра нашу каманду і пра нашых заўзятараў ведалі ў іншых краінах. З дапамогай сацыяльных сетак і інтэрнэту гэтага лёгка дамагчыся, а будучы фан-амбасадарам — яшчэ прасцей.
Бліжэйшыя планы? Хачу адрадзіць некалі створаную мной групу ў Вконтакте для распаўсюджвання інфармацыі. У бліжэйшы час паспрабую пасябраваць з фэйсбукам і яго тонкасцямі, каб мець зносіны не толькі з рускамоўнай аўдыторыяй. Наогул, я не ганюся за гэтымі прызамі, якія прапануе ЛЧ лепшаму фан-амбасадару, проста хачу праверыць сябе, свае сілы і магчымасці. Хачу падзяліцца з людзьмі сваім і чужым меркаваннем. Хачу прапаноўваць людзям больш фота і відэа з заўзятарамі, у прыватнасці з фан-клубам".
Групавы этап Лігі чэмпіёнаў пройдзе з 24 жніўня па 11 кастрычніка. «Нёман» згуляе ў групе «С» з камандамі «Ювяскюля» (бронзавы прызёр у Фінляндыі), «Цуг» (віцэ-чэмпіён Швейцарыі) і «Вена Кэпіталз» (пераможца адкрытага чэмпіянату Аўстрыі).
Гродзенцы стартуюць у Еўракубку двума хатнімі паядынкамі:
2.09.2017 — 20.30 — «Вена Кэпіталз» — «Нёман»
3.10.2017 — 19.00 — «Ювяскюля» — «Нёман»
Ужо з 27 ліпеня з 21:00 пачнецца браніраванне квіткоў на хатнія матчы «Нёмана» ў Лізе Чэмпіёнаў на сайце hockey.vot.by. Цана квіткоў складзе ад 8 да 15 рублёў, дзіцячы ад 4 да 7.50 рублёў.