Як зрабіць выезды на матчы хакейнага еўракубка таннейшым і разнастайнейшымі ведае гродзенец Дзмітрый Герасімчык. Ён прапануе заўзятарам хакейнага «Нёмана», а таксама прадстаўнікам каманд, якія будуць супернікамі чырвона-чорных у Лізе Чэмпіёнаў, з дапамогай адмысловых хэштэгаў наладжваць кантакты, каб дапамагаць з начлегамі, экскурсіямі па горадзе ды ў іншых выязных пытаннях.

У клубы і фанклубы супернікаў «Нёмана» Дзмітрый ужо напісаў лісты. У іх ён патлумачыў спосабы ўезду ў Беларусь, напісаў пра краіну, горад, гродзенцаў, арэну, заўзятараў і г. д. Яму ўжо прыйшоў першы адказ — ад швейцарскага ХК «Цуг». Прадстаўнік каманды паабяцаў, што атрыманую iнфармацыю перадасць усім фанатам і заўзятарам.

«Наш „Нёман“ другі раз удзельнічае ў хакейнай ЛЧ. Першы раз былі вельмі запамінальныя гульні з „Адлерам“ і „Вiткавiцэ“: як дома, так і ў гасцях. Тады я пазнаёміўся з заўзятарамі „Адлера“, з якімі на сувязі да гэтага часу. Не менш багатыя эмоцыі могуць атрымаць усе гродзенскія заўзятары, — распавядае Дзмітрый. — Прыйшоў 2017 год і наш „Нёман“ — ізноў чэмпіён. Упэўнены, што заўзятары ўважліва сачылі за лёсаваннем турніра. Адразу пасля лёсавання я ўспомніў пра акцыю ФК „Барусія“ #bedforawayfans, дзе заўзятары дапамагалі з начлегам прадстаўнікам супернiка. Тут і з’явілася думка зрабіць такое і ў нас».

Значна прыемней, калі на гасцявым сектары не 20, а 200 чалавек

Галоўная ідэя Дзмітрыя — прыцягнуць максімальную колькасць заўзятараў замежных каманд на матчы ў Гродне і даць магчымасць большай колькасці гродзенцаў наведаць гарады супернікаў. Дзмітрый лічыць, што значна прыемней глядзець хакей, калі на гасцявым сектары не 5−20, а 100−300 чалавек. Адначасова гэта магчымасць зрабіць добрую рэкламу гораду, краіне і яе жыхарам. Гэта магчымасць пазнаёміцца ​​і пасябраваць з прадстаўнікамі іншых хакейных чэмпіянатаў, іншых культур, а таксама абмяняцца вопытам і проста добра правесці час.

Дзмітрый прапануе неабыякавым заўзятарам «Нёмана» і ўсім гродзенцам, а таксама заўзятарам «Цуг», «Вена Кэпіталз» і «Йювяскюля», якія хочуць прыняць у сябе заўзятараў супернікаў або шукаюць начлег на выездзе, адзначаць свае фота ў сацыяльных сетках хэштэгамi #bedforzuginhrodna #bedforhrodnainzug; #bedforviennainhrodna #bedforhrodnainvienna; #bedforjypinhrodna #bedforhrodnainjyp.

«Няма ўпэўненасці, што задумка спрацуе — на хакей не выязджае столькі заўзятараў, як на футбол, хакей не настолькі масавы від спорту. Але як мінімум гасціннасць і гатоўнасць да камунікацыі такім чынам людзі з розных краін паказаць адзін аднаму змогуць: проста размясціўшы хэштэгi ў сябе».

Прыняць на начлег, правесці экскурсію: гродзенец заклікае заўзятараў "Нёмана" і супернікаў у Лізе Чэмпіёнаў сябраваць на выязных матчах
Выезд заўзятараў «Нёмана» ў Мангейм.

Праз хакей расказаць пра бязвізавы рэжым

Дзмітрый, праглядаючы каментары ў сацсетках аўстрыйцаў і швейцарцаў, убачыў іх выказванні пра складанасці з візамі пры наведванні Беларусі. Многія заўзятары супернікаў «Нёмана» не ведаюць пра бязвізавы рэжым. Гэтая акцыя — гэта спосаб расказаць пра яго патэнцыйным гасцям.

«Не факт, што замежнікі захочуць ехаць да кагосьцi на кватэру. Магчыма, ім прасцей і надзейней зняць кватэру або нумар у гатэлі. Але яшчэ адна задача гэтай акцыі - проста паказаць нашу гасціннасць і адкрытасць. А раптам аматары бытавога „экстрыму“ знойдуцца?»

Дзмітрый кажа, што патрэбная стратэгія ў прасоўванні ідэі. Перадусім, трэба падрыхтаваць паведамленні на англійскай і нямецкай мовах для іншаземцаў і аналагічныя для нашых землякоў. Затым распаўсюдзіць іх праз СМІ, групы ў сацыяльных сетках і праз сарафаннае радыё.

«Я адкрыты для ідэй і іх абмеркавання. Нельга проста ўзяць і прафукаць такое свята».

youtu.be/cMd9JPZjoBQ