Хутка гродзенскі “Нёман” другі раз у гісторыі стартуе ў хакейнай Лізе Чэмпіёнаў. У лік 48 фан-амбасадараў, якія будуць прадстаўляць свае гарады і каманды ў Еўрапейскім турніры, увайшлі два гродзенцы: Андрэй Цiплашэвiч і Дзмітрый Герасімчык. Hrodna.life пагутарыў з імі і даведаўся, што дае статус фан-амбасадара і чым яны павінны будуць займацца.

Быць фан-амбасадарам у Лізе Чэмпіёнаў гэта магчымасць паглядзець на хакей і гульцоў іншымі вачыма, бо ў прадстаўнікоў гарадоў будзе магчымасць здзейсніць “тур за кулісы матча” і пагутарыць з лепшымі гульцамі сустрэч. Акрамя гэтага, задача ў фан-амбасадара няпростая – ён павінен наведаць усе матчы сваёй каманды ў ЛЧ на хатняй арэне і пры гэтым рабіць фота і відэа справаздачы ў сацыяльных сетках.

Ліга Чэмпіёнаў абрала двух гродзенскіх фан-амбасадараў, якія будуць прадстаўляць "Нёман"
Дзмітрый Герасімчык

“Быць прадстаўніком ад Гродна – вельмі прыемна, нават трохі падымаецца самаацэнка, хай гэта і не праца, а, фактычна, захапленне, – распавядае фан-амбасадар ад Гродна Дзмітрый. – Разумееш, што чагосьці варты і можаш прыносіць карысць. У дадзеным выпадку – роднаму гораду, гродзенцам: рэклама, піяр родных мясцін і аповяд пра мясцовых жыхароў і ў тым ліку аб беларускім хакеі, аб гродзенскім клубе – лепшым у Беларусі не толькі па гульні, але і па атмасферы ўнутры і вакол яго”.

Для Дзмітрыя гэта таксама магчымасць дзелавых і нефармальных зносін, у тым ліку на замежных мовах. Дзмітрый размаўляе на нямецкай і англійскай, трошкі разумее польскую. Ён перакананы, што веданне моў адкрывае цалкам іншыя магчымасці пры атрыманні інфармацыі ці наладжванні кантактаў.

Чытайце яшчэ:  Прыняць на начлег, правесці экскурсію: гродзенец заклікае заўзятараў "Нёмана" і супернікаў у Лізе Чэмпіёнаў сябраваць на выязных матчах

Яшчэ да таго як Дзмітрыя абралі амбасадарам, ён ужо планаваў арганізаваць выезд на матчы ХЛЧ гродзенскіх заўзятараў. А таксама думаў як прыёмаць замежных заўзятараў у Гродне. Цяпер у яго з’явілася шмат новых планаў і задач, над якімі ён ужо пачынае працаваць.

Усім фан-амбасадарам вышлюць інструкцыю па працы, яны атрымаюць па 2 квіткі на кожны хатні матч, спецыяльны хакейны світэр, а таксама магчымасць браць інтэрв’ю ў хакеістаў. Лепшыя фанаты ХЛЧ атрымаюць 2 квіткі на фінал Лігі, а таксама бясплатныя авіябілеты і пражыванне.

Ліга Чэмпіёнаў абрала двух гродзенскіх фан-амбасадараў, якія будуць прадстаўляць "Нёман"
Андрэй Ціплашэвіч

Другі фан-амбасадар ад Гродна Андрэй Цiплашэвiч таксама ўжо рыхтуецца да маючых адбыцца матчаў Лігі Чэмпіёнаў. У хлопца таксама шмат планаў і ідэй, якія ён плануе рэалізаваць падчас хатніх матчаў “Нёмана” у ЛЧ.

Я хачу, каб пра наш горад, пра нашу каманду і пра нашых заўзятараў ведалі ў іншых краінах. З дапамогай сацыяльных сетак і інтэрнэту гэтага лёгка дамагчыся, а будучы фан-амбасадарам – яшчэ прасцей.

Бліжэйшыя планы? Хачу адрадзіць некалі створаную мной групу ў Вконтакте для распаўсюджвання інфармацыі. У бліжэйшы час паспрабую пасябраваць з фэйсбукам і яго тонкасцямі, каб мець зносіны не толькі з рускамоўнай аўдыторыяй. Наогул, я не ганюся за гэтымі прызамі, якія прапануе ЛЧ лепшаму фан-амбасадару, проста хачу праверыць сябе, свае сілы і магчымасці. Хачу падзяліцца з людзьмі сваім і чужым меркаваннем. Хачу прапаноўваць людзям больш фота і відэа з заўзятарамі, у прыватнасці з фан-клубам”.


Групавы этап Лігі чэмпіёнаў пройдзе з 24 жніўня па 11 кастрычніка. “Нёман” згуляе ў групе «С» з камандамі «Ювяскюля» (бронзавы прызёр у Фінляндыі), «Цуг» (віцэ-чэмпіён Швейцарыі) і «Вена Кэпіталз» (пераможца адкрытага чэмпіянату Аўстрыі).

Гродзенцы стартуюць у Еўракубку двума хатнімі паядынкамі:

25.08.2017 – 19.00 – «Нёман» – «Вена Кэпіталз»
27.08.2017 – 19.00 – «Нёман» – «Цуг»
31.08.2017 – 20.45 – «Цуг» – «Нёман»
2.09.2017 – 20.30 – «Вена Кэпіталз» – «Нёман»
3.10.2017 – 19.00 – «Ювяскюля» – «Нёман»
10.10.2017 – 19.00 – «Нёман» – «Ювяскюля».

Ужо з 27 ліпеня з 21:00 пачнецца браніраванне квіткоў на хатнія матчы “Нёмана” ў Лізе Чэмпіёнаў на сайце hockey.vot.by. Цана квіткоў складзе ад 8 да 15 рублёў, дзіцячы ад 4 да 7.50 рублёў.