У сувязі з планавай рэканструкцыяй цепласеткі па зав. Віленскаму і працай буйной тэхнікі ствол кожнага дрэва алеі агарадзілі драўляным шчытом. Агароджы для алеі збудавала РУП «Гроднаэнерга» па патрабаванні Гродзенскай гарадской і раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. У «Гроднаэнерга» дадалі, што практыка агароджы дрэў пры замене камунікацый ужывалася і раней, перадае Гродзенскі Зялёны партал.

Як растлумачылі ў інспекцыі, лісты з прадпісаннямі абараніць дрэвы падчас правядзення рамонтных прац былі накіраваныя ў розныя арганізацыі. Інспектары нагадалі, што за пашкоджанні насаджэнняў падчас перакладкі камунікацый заказчык можа атрымаць штраф.

— Мы вельмі задаволеныя, што наша патрабаванне абараніць дрэвы ад пашкоджанняў заказчык выканаў, гэта сапраўды вельмі добрая практыка — ставіць загараджальныя шчыты вакол ствалоў. Мы нават фатаграфію з гэтай алеяй па Віленскім завулку прымацавалі да лістоў у іншыя арганізацыі, каб бралі прыклад, як трэба агароджваць дрэвы ад магчымых пашкоджанняў. Інспекцыя і далей будзе выдаваць такія загады і кантраляваць, як арганізацыі абараняюць зялёныя насаджэнні падчас правядзення рамонтных прац.

Па словах намесніка дырэктара Гродзенскіх цеплавых сетак Анатоля Шышла, працаўнікі «Гроднаэнерга» і раней абгароджвалі дрэвы, калі рамонтныя работы праводзіліся вельмі блізка ад насаджэнняў.

— Гэта правільная практыка, таму што дрэва абаронена ад любых пашкоджанняў тэхнікай. Заўважу, што агульны кошт праекта пры ўсталёўцы такіх шчытоў для дрэў прынцыпова не павялічваецца, — дадаў Анатоль Шышла.