Гродзенцы Іван Бараноўскі і Дар’я Шамбер пасля двухгадовага перапынку вырашылі адрадзіць у Гродне «Жывую бібліятэку». Ужо 9 ліпеня ў дыска-бары «Афрыка» пройдзе першае мерапрыемства. Арганізатары плануюць запрасіць каля 15 жывых кніг, а таксама абяцаюць вясёлую музыку і кнігу-сюрпрыз.

«Жывая бібліятэка» — гэта незвычайная бібліятэка. Тут замест звыклых кніг выступаюць жывыя людзі са сваімі гісторыямі, якія гатовыя адказваць на пытанні. Працуе «Жывая бібліятэка» гэтак жа, як і звычайная: «чытачы» прыходзяць, запаўняюць «бібліятэчную картку», выбіраюць «кнігу» і «чытаюць» яе на працягу пэўнага часу.

Усе сакрэты свайго мерапрыемства арганізатары адкрываць не плануюць, бо хочуць захаваць інтрыгу. Але ўжо вядома, што на мерапрыемстве будуць такія кнігі: «Муж на час», «Працаваў у тундры», «Натуральная бландынка», «Сядзеў у турме» і іншыя.

«У Гродне я праводзіў „Жывыя бібліятэкі“ два гады таму. Іх было каля пяці штук, але пасля праца мяне „з'ела“ і не было часу на падрыхтоўку новых мерапрыемстваў, — распавядае Іван. — Але ў гэтым годзе ў мяне з’явілася памочніца Дар’я, якая і займаецца асноўнай падрыхтоўкай „Жывой бібліятэкі“ ў Гродне. На сваё першае мерапрыемства пасля доўгага перапынку, мы запрашаем людзей розных сацыяльных груп, цікавых прафесій, з незвычайнымі захапленнямі, ці тых хто пабываў у які-небудзь цікавай сітуацыях. Мы дадзiм шанец нашым чытачам пагутарыць з кнігамі, даведацца пра іх жыццё, развянчаць свой стэрэатып ці, наадварот, пацвердзіць яго».

Усё мерапрыемства будзе падзелена на некалькі сесій, у кожнай сесіі адначасова расказваюць пра сябе некалькі кніг, знаходзячыся за рознымі сталамі. Чытачы выбіраюць самі з якой кніжкай яны будуць мець зносіны ў той ці іншай сесіі, могуць задаваць ім пытанні, але калі пытанне, напрыклад, занадта асабістае, то кніга можа не адказваць на яго.

Новая «Жывая бібліятэка» пройдзе ў нядзелю 9 ліпеня, пачатак мерапрыемства ў дыска бары «Афрыка» у 13:00.

Уваход вольны, калi прайсцi анлайн-рэгістрацыю.