У суботу 17 чэрвеня ў адлоў для жывёл службы САГ даставілі ў цяжкім стане сабаку з урослым у шыю жалезным ланцугом, якi ў выніку прыйшлося здымаць пад наркозам. Валанцёры, якія займаюцца выратаваннем бяздомных жывёл у Гродне, занепакоеныя такім выпадкам і заклікаюць міліцыю караць гаспадароў за падобныя здзекі.
Вядома, што маладога сабаку прывезлі ў САГ з раёна Пярэселкi. У каго жыла жывёла і ў якіх умовах утрымлівалася, валанцёры могуць толькі здагадвацца. Пасля паступлення ў адлоў сабакі, ветэрынарам удалося пад наркозам вызваліць яго ад жалезнага ланцуга, апрацаваць раны і накласці швы. Далейшы лёс жывёлiны пакуль невядомы.
«Па родзе сваёй дзейнасці мы часцяком сутыкаемся з падобнымі сітуацыямі з жывёламі, — распавядае куратар валанцёраў САГ Людміла Енiкеева. - Што тычыцца дадзенага сабакі, то ланцуг заматалi яму, калі ён быў яшчэ шчанюком. Сабака рос, але ніхто жалеза так і не паслабляў. У выніку атрымалася, што ланцуг урос у скуру жывёлы, і ад гэтага яна мучылася. Пасля паступлення ў адлоў, сабака не даваў дакрануцца да сваёй шыі, пад наркозам нам удалося яму дапамагчы. Цяпер ужо можам спакойна апрацоўваць раны. Сабака сам па сабе добры, а вось гаспадар у яго быў зусім дрэнны».
«Пёс досыць малады, мы спадзяемся, што неўзабаве ён знойдзе сабе новага гаспадара», — дадала Людміла.
З 2015 года ў Беларусi за жорсткае абыходжанне з жывёламі ўведзена як адміністрацыйная, так крымінальная адказнасць. Жывадзёрам пагражае штраф або пазбаўленне волі да года. Раней за жорсткае абыходжанне з жывёламі, што пацягнула іх гібель або калецтва, а таксама за іх катаванне ў нашай краіне існавала толькі адміністрацыйная адказнасць.
На сённяшні дзень у адлове CАГа знаходзіцца 44 дарослыя сабакі і каля 20 шчанюкоў. Жывёлы туды паступаюць практычна штодня і месцаў усім не хапае. З дапамогай валанцёраў вызваляюцца вальеры і сабакі знаходзяць новых гаспадароў, некаторыя застаюцца ў адлове, а некаторых чакае эўтаназія.
Якія сабакі знаходзяцца ў адлове CАГа, можна паглядзець у спецыяльнай групе Вконтакте.