Байдарачнік Алег Юрэня, які родам з Мастоўскага раёна, у Белградзе з 1 па 4 чэрвеня на этапе Кубка свету стаў уладальнікам двух залатых медалёў. Гродзенцу не было роўных у байдарцы-адзіночцы на дыстанцыях 1000 і 5000 метраў, паведамляе Упраўленнне спорту i турызму Гродзенскага аблвыканкама.

У Сербіі аспрэчвалі званне мацнейшых весляры 58 краін. На адной з самых прэстыжных дыстанцый 1000 м у байдарцы-адзіночцы Алег Юрэня стаў першым і пераадолеў дыстанцыю за 3 хв 24,7 сек. Датчанін Рэнэ Поўльсэн фінішаваў другім, бронзавую ўзнагароду заваяваў Рой Радрыгез з Іспаніі. Таксама Алег стаў пераможцам і на сваёй кароннай дыстанцыі 5000 метраў у байдарцы-адзіночцы, пераадолеўшы яе за 20 хв 19,08 сек.

У Сербіі на Кубку свету гродзенскі байдарачнік выйграў два залатыя медалі

Для Алега Юрэні золата ў Сербіі стала першым гучным поспехам за апошнія два сезоны, першы і другі этап Кубка свету ў Партугаліі і Венгрыі, якія адбыліся ў траўні, беларускія весляры прапускалі.

Этап Кубка свету ў сталіцы Сербіі стаў добрай праверкай сіл перад галоўнымі стартамі сезону — чэмпіянатам Еўропы ў балгарскай Плоўдзіве (10−17 ліпеня) і сусветным форуме весляроў у чэшскай Рачыцы (21−28 жніўня).