У нямецкім Кёльне ў сераду 17 мая адбылося лёсаванне хакейнай Лігі чэмпіёнаў сезону 2017/18 года. Прадстаўнік Беларусі – гродзенскі “Нёман”, які заваяваў пуцёўку ў ЛЧ дзякуючы перамозе ў Кубку Прэзідэнта, даведаўся, хто будзе яго супернікамі ў групавой стадыі.

У еўракубку гродзенскі “Нёман” сустрэнецца з аўстрыйскай “Венай”, швейцарскім “Цугам” і фінскай “Ювяскюля”.

«Вена» ў гэтым годзе выйграла адкрыты чэмпіянат Аўстрыі, «Цуг» стаў срэбным прызёрам швейцарскай лігі, «Ювяскюля» стала бронзавым прызёрам чэмпіянату Фінляндыі.

У групавым этапе, які пройдзе з 24 жніўня па 11 кастрычніка, прымуць удзел 32 каманды, якія былі разбітыя на восем груп. З кожнай групы ў плэй-оф выйдуць па два ўдзельнікі. Фінал Лігі чэмпіёнаў адбудзецца 6 лютага 2018 года.

Расклад матчаў у Лізе чэмпіёнаў яшчэ невядомы.