Гродзенскі гарвыканкам плануе прадаць акцыі ААТ «Гасцінічная гаспадарка», на балансе якога знаходзіцца гасцініца «Беларусь», паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшыня Гродзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой.

«Завершана прыватызацыя прадпрыемства, яго акцыі - ва ўласнасці горада. Мы шукаем новага гаспадара гасцініцы, таму зараз прапрацоўваецца пытанне аб продажы акцый — цалкам або часткова. Праведзена ацэнка, падрыхтаваны пакет дакументаў. Выставіць гасцініцу на продаж плануецца ў бліжэйшы час», — растлумачыў мэр.

Абмяркоўваюцца ўмовы продажу. Папярэдне, інвестар павінен будзе на працягу трох гадоў з даты заключэння дамовы куплі-
продажу ўнесці інвестыцыі ў суме да $ 1 млн на рэканструкцыю будынка і добраўпарадкаванне тэрыторыі. Умовамі для інвестара пры гэтым будзе захаванне профілю дзейнасці на працягу пяці гадоў з даты заключэння дагавора куплі-продажу з магчымасцю перапрафілявацца толькі са згоды гарвыканкама.

Таксама новы ўласнік павінен будзе захаваць працоўныя месцы ААТ (на дадзены момант іх 48) на працягу двух гадоў з даты заключэння дагавора. Прадугледжваецца адказнасць пакупніка за невыкананне ўмоў продажу згодна з заканадаўствам.

Раней была прададзеная кітайскаму інвестару другая гасцініца, якая належала «Гасцінічнай гаспадарцы» — «Гродна». 16-павярховая гасцініца прадавалася як капітальная пабудова, яе ўласнікам стала ТАА «Гандлёва-прамысловая карпарацыя Цюань Шэн». Гатовы архітэктурны праект, ён прайшоў будаўнічую экспертызу. У будынку з’явіцца трохзоркавы гатэль Echeng на 110 нумароў (з сёмага па 15-ы паверх). З трэцяга па шосты паверх размесцяцца офісы, канферэнц-залы. На першым-другім будуць холы, рэцэпцыя, лобі-бар і два рэстараны, на верхнім паверсе размесціцца трэнажорная зала.

[irp posts="20 999″ name="Былая гасцініца Гродна" стане трохзоркавай у кітайскай сетцы гатэляў Echeng"]