Занесеныя ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі кафляныя майстэрні на вуліцы Чырвонаармейскай пачалі рэканструяваць. Праўда, толькі тую частку, якая дайшла да цяперашняга часу ў лепшым стане. Інвестар, які выкупіў адзiн з будынкаў кафлярнi, плануе адкрыць там пральню дываноў.
Нагадаем, Савет міністраў 2 жніўня 2016 года ўнёс будынкі Станіславоўскай кафлярні ў Гродне ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Гэтаму паспрыялі гродзенскія гісторыкі, якія яшчэ ў 2013 годзе прапанавалі мiнiстэрству звярнуць увагу на будынкі.
Апошнiм часам адна з частак майстэрняў належыла прыватнай друкарні, а асноўная частка была ў маёмасцi гродзенскага будаўнiчага трэста.
Інвестар, які набыў адзін з будынкаў майстэрняў, плануе адкрыць там пральню дываноў з аўтамабільнай стаянкай. Праект рэканструкцыі ўзгоднены з міністэрствам культуры. Фасад будынка застанецца без змен, зменяцца вокны і дзверы, а таксама некаторая частка ўнутры будынка. Рэканструкцыя працягнецца да сярэдзіны восені.
Гістарычная даведка
Кафляны завод быў заснаваны князямі Друцкімi-Любецкімi ў 1895 годзе. У самым пачатку XX стагоддзя на прадпрыемстве працавалі 28 чалавек. У 20−30-я гады кафляны завод «Станіславова» вырабляў кафлю высокай якасці, дэкараваную па апошняй модзе, і самыя складаныя дэталі для печаў. У пачатку 1940 года на падставе загаду Наркамата прамысловасці будматэрыялаў БССР кафляны завод быў уключаны ў склад «Цагляна-кафляна-плітачнага камбіната № 1», кіраўніцтва якога размяшчалася па вул. Чырвонаармейскай, 71.
Пасля вайны вытворчасць была адноўлена. Завод выпускаў кафлю шэрую і глазураваную, плітку, тэракот. Калектыву даверылі адказнае заданне — вырабіць сотні тысяч штук глазураванай кафлі і абліцавальных плітак для новай Сталінградскай гідраэлектрастанцыі. У студзені 1950 года на базе трох самастойных прадпрыемстваў - цаглянага, кафляна-плітачнага і вапнавага заводаў - быў утвораны камбінат будаўнічых матэрыялаў. А ўзоры старой кафлі да сённяшняга дня ўпрыгожваюць фасад аднаго з вытворчых карпусоў былога завода.