У ноч з 24 на 25 красавіка па вуліцы Дамініканскай у адной з жылых кватэр прарвала стары шланг. Вада ў вялікай колькасці затапіла кватэру, а таксама размешчаную на першым паверсе заакраму, якая з’явілася тут зусім нядаўна. У кватэры ўжо пэўны час ніхто не жыве і супрацоўнікам ЖЭС у суправаджэнні міліцыі прыйшлося ўскрываць дзверы. Вада сапсавала шмат тавару ў краме, толькі скончаны рамонт прыйдзецца рабіць нанова.
Нават праз суткі пасля здарэння гаспадар кватэры так і не знайшоўся. У ЖЭСе пра ўладальніка няма ніякіх дадзеных. Суседзі кажуць, нібыта гаспадар жыве ў Маскве і рэдка прыязджае ў Гродна. Дзянiс, уладальнiк крамы, пакуль не ведае, што яму рабіць i куды звяртацца з прэтэнзіямi.
«Не прайшло і месяца, як мы адкрыліся, а ўжо прыходзіцца зачыняцца. Я прыехаў у аўторак раніцай і ўбачыў ручаёк вады. А калі адкрыў памяшканне, то мноства вады хлынула на мяне. Прыйшлося самім ліквідаваць праблему, бо аварыйная служба бяздзейнічала — яны нават не адключылі святло і ваду. Адключаў усё работнік ЖЭС. У выніку пакінулі ўвесь жылы дом без вады. У самой краме было такое пачуццё, што знаходзіўся пад дажджом», — кажа Дзянiс.У выніку ў Дзянiса аказалася вельмі шмат сапсаванай прадукцыі - каля 50% ад усяго тавару крамы. Падлічыць шкоду цалкам цяпер вельмі праблематычна.
«Хто жыве ў гэтай кватэры — мы дагэтуль не ведаем. Супрацоўнікі міліцыі сказалі сабраць увесь сапсаваны тавар у каробкі, апісаць і чакаць разбіральніцтваў і магчымага суда. Калі чалавек з’явіцца ў бліжэйшы час, то ёсць верагоднасць, што мы зможам з ім мірна ўсё вырашыць. Пакуль жа будзем чакаць».
Супрацоўнікі ЖЭСа кажуць, што праблема ўзнікла ў прыбіральні кватэры, дзе прарвала стары шланг. Усяго гэтага можна было пазбегнуць, калі б уладальнік кватэры перад доўгай адсутнасцю перакрыў ваду.