Праз умовы надвор’я раніцай 26 студзеня жыхары гродзенскага раёна Ласосна засталіся без электрычнасці. Таксама святла не аказалася ў СШ № 19, якая знаходзіцца ў Ласосне. У бацькоўскіх групах пісалі, што праз нячышчаныя дарогі дзяцей не маглі давезьці да навучальнай установы.

Дыспетчар ЖКГ Кастрычніцкага раёна ў тэлефоннай размове паведаміў, што, хутчэй за ўсё, на лініі адбылася аварыя. Праз нейкі час, каля 9.20, падача электрычнасці аднавілася.

Адна з жыхарак Ласосна Алена Маркевіч расказала Hrodna.life, што для жыхароў гэтага раёна адключэнні электрычнасці не навіна.

«Раніцай трэба везці дзіцё ў садок — няма электрычнасці. Паглядзела, у суседзей нічога не бачна — усё так замяло. У нашым раёне такое бывае часта, таму мы падрыхтаваныя. Ёсць ліхтарыкі і нават лялька дачкі з падсветкай. У кожным закутку свечы».