Другі матч паміж зборнымі Беларусі і Швецыі, які праходзіў у Гродне ў рамках «Еўрапейскага хакейнага выкліку», завяршыўся чарговай перамогай скандынаваў. На гэты раз беларусы прайгралі з лікам 1:5.
I на другой гульні зборных у гродзенскім лядовым не было свабодных месцаў. Заўзятары чакалі рэваншу каманды Дэйва Льюіса. Але гэта не адбылося. У другой гульнi беларусы з яшчэ больш буйным лікам саступілі скандынаўскай камандзе.
Калі ў першым матчы супернікі не маглі доўга паразіць вароты, то ў другім матчы ўжо ў першай дваццаціхвiлінцы госці забілі гаспадарам дзве безадказныя шайбы. Спачатку на 4-й хвіліне пры лікавай перавазе шайбу закінуў Петтэрсан. А праз 10 хвілін той жа Петтэрсан ўжо аддаваў галявую перадачу на Эвэрберга.
У другім перыядзе беларусы сабраліся і здолелі адыграць адну шайбу, аўтарам гола на 24-й хвіліне стаў Кагалёў. Але за 3 хвіліны да перапынку Швецыя рэалізавала чарговую колькасную перавагу, і павялічыла сваё адставанне зноў на дзве шайбы. Дакладным кідком атрымалася адзначыцца Бергстрэму.
У заключнай дваццаціхвілінцы забівалі толькі шведы. Умарк на 45-й хвіліне і Кемпе на 53-й. Апошні наогул забіў гаспадарам, калі яны знаходзіліся ў большасці.
Беларусь — Швецыя — 1:5 (0:2, 1:1, 0:2)
Такім чынам, зборная Беларусі не здолела ў Гродне парадаваць сваіх заўзятараў, прайграўшы абодва паядынкі. Ужо праз тыдзень зборная Беларусi адправіцца ў Францыю, дзе правядзе заключныя матчы Еўравыкліку перад Чэмпіянатам свету 2017.
[irp]