Штогадовы «Фэст экскурсаводаў», прымеркаваны да Міжнароднага дня помнікаў і гістарычных мясцін, пройдзе ў Беларусі 22−23 красавіка. У гэты дзень у Гродне запланаваны тры розныя экскурсіі: «Габрэі Гародні», «Паляванне на Беларусі» і «Беларускія рамёствы». Таксама экскурсіі адбудуцца ў Лідзе, Ваўкавыску, Навагрудку, Старых Васілішках і Мількаўшчыне.
У гэтым годзе фестываль праходзіць ужо восьмы раз. Праз бясплатныя экскурсіі арганізатары прыцягваюць мясцовых жыхароў да гісторыі тых месцаў, ля якіх яны жывуць. Фестываль таксама мае і глабальную мэту — актывізацыю «творчай жылкі» экскурсійнай справы ў Беларусі.
Экскурсіі ў Гродне
«Габрэі Гародні: суседзі і ахвяры», праводзiць Андрэй Чарнякевіч
22 красавіка, 11.00
Гісторыя яўрэйскай супольнасці на Беларусі агулам дасягае больш чым семь стагоддзяў. Гэта ўнікальны прыклад інтэграцыі ў грамадства з захаваннем сваей рэлігійнай і культурнай абасобленасці.Менавіта апошняе сталася падставаю для фармавання шэрагу стэрэатыпаў і, нават, канфліктаў. На прыкладзе Гародні мы паспрабуем прасачыць, якім чынам адбывалася завастрэнне гэтых узаемных супярэчнасцей і ці былі жыхары горада ў стане разам супрацьстаяць ксенафобіі ды нецярпімасці…
«Паляванне на Беларусі», праводзiць Павел Лігер
22 красавіка, 14.00
Вы пазнаёміцеся з гісторыяй беларускага палявання і паляўнічымі традыцыямі. Даведаецеся хто такі святы Губерт, чаму паляванне заўсёды было шляхетнай забавай і дзе жыў «лясны чорт».
Беларускія рамёствы (экскурсія па этна-краме «Цудоўня»), праводзiць Андрэй Несцяровіч
22 красавіка, 16.00.
Расказ пра традыцыйныя рамёствы і тэхналогіі, якія захаваліся ў сучаснасці і выкарыстоўваюцца беларускімі майстрамі — на прыкладзе вырабаў сучаснікаў з розных мясцінаў. Звыклыя даўней рэчы цяпер выклікаюць здзіўленне, але іх можна захоўваць не толькі на музейных паліцах або ў куфэрку з сувенірамі, але і карыстацца — як карысталіся раней, як зручна гэта рабіць цяпер. Матэрыяльная культура — важная частка агульнай культуры беларусаў, часта захоўвае і нематэрыяльны сэнс, а галоўнае — паказвае наш твар нам самім і іншым.
Рэгістрацыя на экскурсіі праходзіць на сайце fest-guides.by.
Там жа ёсць спіс усіх экскурсій па Беларусі, у тым ліку па Гродзенскім раёне і вобласці.
Летась «Фэст экскурсаводаў» праходзіў у Гродне на працягу двух дзён. Тады было праведзена дзевяць экскурсій.
[irp]