Дзмітрый Бандарчук — адзіны з лідараў дэмакратычных сіл у Гродне, з кім мясцовыя ўлады ідуць на дыялог. У аўторак, 18 красавіка, гродзенскі актывіст трапіў у выкрывальніцкі сюжэт абласнога тэлебачання. Сваім меркаваннем з нагоды сюжэту Дзмітрый падзяліўся з Hrodna.life.

«Дадзены сюжэт відавочна накіраваны на тое, каб прадухіліць масавыя акцыі 26 красавіка і 1 мая. Менавіта таму мяне, як арганізатара першага за доўгі час дазволенага масавага мерапрыемства, паставілі ў адзін шэраг з тымі, хто быў асуджаны за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах, — кажа Дзмітрый. — Толькі аўтараў гэтага відэа журналістамі я назваць не магу, яны ганьбяць гэтую прафесію, ды яшчэ і незаконна выкарыстоўваюць чужы кантэнт.

Гэтыя людзі не гавораць галоўнае, не гавораць праўду, што гэта не апазіцыя вывела людзей на вуліцу, а ўлада сваімі несправядлівымі законамі. Улічваючы, што аўтары гэтага сюжэту вырашылі схаваць свае імёны, гэта кажа пра тое, што яны самі не вераць у сказанае. А тыя, хто плаціць заробак ім, хай паглядзяць на рэйтынг гэтага ТБ-канала і прачытаюць каментары ў інтэрнэце аб такіх сюжэтах.

З медыяў мне вядома, што на 26 красавіка пададзены заяўкі на правядзенне масавых мерапрыемстваў. З гарвыканкама адказу яшчэ не было. Зыходзячы з яго будзе зразумела наколькі гарадскія ўлады датычны да гэтага сюжэту па ТБ".

[irp posts="16 413″ name="Дзмітрый Бандарчук: Дазвол на мітынг 25 сакавіка атрымалі дзякуючы кругламу сталу""]

[irp posts="16 730″ name="У Гродне адзначылі Дзень Волі"]

Дзмітрый распавядае, што ён, як прадстаўнік «Гавары праўду», спрабуе наладзіць дыялог з мясцовай уладай. І мэта такога дыялогу — мірныя перамены.

«Гавары праўду», маючы пад увагу сітуацыю ўнутры і па-за Беларуссю, будуе сваю дзейнасць, зыходзячы з таго, што Беларусь павінна быць суверэннай і незалежнай, а ўлада павінна паважаць сваіх грамадзян і перш за ўсё вырашаць іх праблемы, а не займацца самалюбаваннем. Таму мы гатовыя садзіцца за круглыя ​​сталы, ісці на выбары, прапаноўваць сваё бачанне развіцця гарадоў і краіны, прадстаўляючы інтарэсы простых людзей. І на сённяшні дзень мы займаемся рознымі пытаннямі: ад праблем па асобным зборы смецця, да закрыцця школ, чэргамі ў дзіцячых садках і напярэдадні гадавіны аварыі на ЧАЭС праблемамі анкахворых у Гродне".