Уваход на закінуты піўзавод ў цэнтры Гродна па ранейшаму застаецца вольным, нягледзячы на тое што ён вярнуўся ва ўласнасць дзяржавы. Гродзенец Андрэй Макараў пабываў там ноччу і зрабіў невялікі відэарэпартаж.
Андрэй ужо больш за дзясятак разоў бываў на тэрыторыі забытага завода, але з кожным разам ён здзіўляецца ўбачанаму ўсё больш і больш. Частку абсталявання даўно вывезлі былыя інвестары.
«Быць у адзіноце ў закінутых месцах я ніколі не баюся, гэтым разам вырашыў схадзіць на стары піўзавод ноччу. З 2011 года я туды перыядычна зазіраю, — кажа Андрэй. — Я быў там, калі яшчэ і абсталяванне было, калі ахова прысутнічала.
Зараз патрапіць на завод лёгка — брама адчыненая, вакол дзіркі, аховы няма. Калі раней даводзілася лезці, то цяпер уваход цалкам вольны. Усё, што было раней каштоўнае на заводзе, знікла. Апошнія інвестары амаль усё вывезлі".
Андрэй адзначае, што самае каштоўнае, што засталося на аб’екце, гэта сама архітэктура завода, лесвіца і частка інтэр'еру.
Гісторыка-культурная каштоўнасць працягвае разбурацца
Гродзенскі піўзавод быў зачынены каля дзесяці гадоў таму. У 2014 годзе яго набыла кампанія «ЭкаПрамЭнерга» з Мінскай вобласці, якая абяцала рэканструяваць завод пад гандлёва-забаўляльны комплекс, але так гэтага і не зрабіла. Яшчэ да рашэння суда, па даручэнні пракуратуры, спецыялісты інстытута «Гроднаграмадзянпраект» правялі абследаванне комплексу будынкаў і прыйшлі да высновы: ёсць пагроза разбурэння. У Гродзенскі эканамічны суд пракурор горада прадставіў іск аб канфіскацыі аб’екта і скасаванні дагавораў куплі-продажу. У лютым закінуты завод адышоў дзяржаве.
[irp posts="15 021″ name="Піўзавод у Гродне перадалі дзяржаве, але яго далей ніхто не ахоўвае: ён застаецца ўлюбёным месцам падлеткаў"]
Што будзе са старым заводам — пакуль невядома
Міністэрства культуры прапануе стварыць на базе старога піўзавода культурна-этнічны цэнтр. Яшчэ адну ідэю выказаў гродзенец Арцём Бубен, выпускнік палітэхнічнага каледжа. Распрацаваны ім праект прадугледжвае рэканструкцыю ўсіх будынкаў пад музейна-турыстычны комплекс, у які ўвойдуць хостел, рэстаран і музей.